Святлана Ціханоўская разам з камандай Офіса, «Краіны для жыцця» і беларусамі Вільні ўзяла ўдзел у брыфінгу каля амбасады Беларусі ў Літве. Брыфінг быў прысвечаны рэжыму інкамунікада. Ужо год рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае Сяргея Ціханоўскага без сувязі са знешнім светам.
Удзельнікі трымалі ў руках плакаты і фатаграфіі палітвязняў, якія, як і Сяргей Ціханоўскі, утрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада.
Вось найбольш моцны ўрывак прамовы беларускай лідаркі падчас брыфінгу:
«Рэжым Лукашэнкі ўжо забіў пяцярых беларускіх палітвязняў – Ігара Ледніка, Вадзіма Храсько, Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, і працягвае забіваць іншых. Турма – гэта павольная смерць. А смерць у няволі – гэта страшная смерць…
Здавалася, забойства Навальнага ў Расіі мусіла б скалануць міжнародную супольнасць, прымусіць да дзеянняў. Але пакуль мы збольшага чуем толькі словы асуджэння і заклапочанасці.
Мы павінны не дапусціць новыя ахвяры. Мы павінны спыніць катаванні людзей у турмах. Сёння мы павінны быць рашучымі і салідарнымі. І хай рэжым ведае: мы не спынімся, пакуль усе не будуць вольныя».