Падчас працоўнага візіту ў Румынію Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі, дзе сустрэлася з міністрам замежных справаў Малдовы Міхаілам Папшоем.
Беларуская лідарка прапанавала міністру ўзмацніць супрацоўніцтва на дыпламатычным узроўні і прызначыць спецпасланніка ці амбасадара, які б адказваў за кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Таксама палітыкі абмеркавалі спробы Расіі дэстабілізаваць сітуацыю ў Прыднястроўі і пагрозу суверэнітэту Беларусі.
Асобна Ціханоўская звярнула ўвагу міністра на праблемы легалізацыі беларусаў Малдовы – у прыватнасці тых, хто пераехаў з Украіны. Бакі абмеркавалі пытанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў, ВНЖ і пашпартоў замежніка. Таксама лідарка адзначыла: ёсць выпадкі, калі Малдова адмаўляла беларусам ва ўездзе ў краіну. Палітыкі дамовіліся абмеркаваць гэтае пытанне асобна.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская і Папшой абмеркавалі правядзенне супольнай рэгіянальнай канферэнцыі па бяспецы, прысвечанай нейтралітэту і геапалітычным выклікам.