8 сакавіка, у Міжнародны жаночы дзень, Святлана Ціханоўская запісала зварот да беларусак. Асноўнай тэмай звароту стаў гвалт у адносінах да жанчын. Лідарка адзначыла: гвалт часта замоўчваюць, але пра яго неабходна казаць – бо на месцы Лізы, якая загінула ў Варшаве, магла апынуцца кожная.
Святлана Ціханоўская: «Дарагія жанчыны, якія дзяліліся асабістымі гісторыямі па хэштэгу #хопіцьгвалціць – дзякуй вам за смеласць. Дзякуючы такім гісторыям я бачу, што жанчыны навучыліся нават праз боль расплюшчваць вочы іншым на тое, што перажывае велізарная колькасць дзяўчынак, дзеўчын і жанчын. Вы дзеліцеся гісторыямі, ведаючы, што можаце сутыкнуцца з каментарамі «сама вінаватая» ці «няма чаго было правакаваць».
Я хачу нагадаць кожнай з вас, хто сутыкнуўся з гвалтам – вы не вінаватыя. У гвалце заўсёды вінаваты той, хто яго здзейсніў.
Я хачу падзякаваць вам за тое, што падтрымліваеце і становіцеся на абарону адна адной, калі бачыце несправядлівасць. Ніколі не сумнявайцеся ў сваёй сіле і здольнасці прымусіць увесь свет пачуць ваш голас».