ДЗЕНЬ ВОЛІ. 25 сакавіка беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі. З нагоды Дня Волі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак: «За ўсе гэтыя гады мы пачалі цаніць нашую, беларускую, салідарнасць. Пакуль мы разам і не апускаем рук, мы крочым да сваёй перамогі». Пазней беларуская лідарка падзякавала ўсім беларусам, якія паўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі.
Напярэдадні прайшлі мітынгі і шэсці, арганізаваныя беларускай дыяспарай. У гэты ж дзень Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю. Прадстаўнікі больш чым 20 краінаў зрабілі адмысловыя заявы ці рэзалюцыі, у тым ліку Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Швецыі, ЗША і іншых.
ВІЗІТ У ЧЭХІЮ. У межах візіту ў Чэхію Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі, міністрам замежных справаў, міністрам адукацыі, міністрам па еўрапейскіх справах Чэхіі, прэзідэнтам «Радыё Свабода» ў Празе, а таксама выступіла перад амбасадарамі і дыпламатамі 20 краінаў у амбасадзе Літвы ў Празе. Ціханоўская адкрыла памятную дошку, прысвечаную Францішку Скарыну, усклала кветкі на магілы прэзідэнтаў Рады БНР, а разам са спікеркай чэшскага парламента ўсклала кветкі да помніка чэшскай дысідэнткі Мілады Гаракавай.
На сустрэчах абмяркоўвалі змякчэнне міграцыйных абмежаванняў у дачыненні да беларусаў, у прыватнасці сваякоў беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі, і студэнтаў, пашырэнне выдачы візаў, падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці, прыцягненне рэжыму да адказнасці. Ціханоўская заклікала краіны прызначаць спецпасланнікаў па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю
АДКРЫЦЦЁ ОФІСА Ў ЧЭХІІ. У Празе быў афіцыйна адкрыты Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі з удзелам міністра замежных справаў Чэхіі Яна Ліпаўскага і Святланы Ціханоўскай. Кіраваць офісам прызначаная Крысціна Шыянок. Падобныя прадстаўніцтвы дэмакратычных сілаў ужо працуюць у Бруселі, Кіеве і Таліне.
БЕЛАРУСЬ-ШВЕЦЫЯ. Швецыя будзе прымаць дакументы на ВНЖ ад беларусаў, у якіх няма дзейнага беларускага пашпарта ці іншых дакументаў, якія патрабуюць вяртання ў Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным тлумачэнні шведскага ўраду.
КАНГРЭС МЯСЦОВЫХ І РЭГІЯНАЛЬНЫХ УЛАДАЎ РАДЫ ЕЎРОПЫ. Беларуская лідарка наведала Страсбург, дзе выступіла перад Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы. Ціханоўская выступіла з прамовай, падчас якой распавяла пра распрацоўку праектаў рэформаў для Беларусі, а таксама адзначыла напрамкі, па якім еўрапейскія партнёры здольныя дапамагчы беларусам: рэабілітацыя для рэпрэсаваных і беларускіх ваяроў ва Украіне; стажыроўкі для моладзі і стыпендыі для студэнтаў; падрыхтоўка рэформаў; падтрымка Еўрапейскай перспектывы для беларусаў. Каманда Офіса прадставіла карткі, у якіх распавяла пра галоўныя тэзісы, якія агучыла Ціханоўская.
СУСТРЭЧА З БАЦЬКАМІ БЕЛАРУСКІХ ШКОЛЬНІКАЎ. 29 сакавіка Святлана Ціханоўская сустрэлася з групай бацькоў беларускіх школьнікаў, якія выступілі з ініцыятывай стварэння новых пачатковых класаў з беларускай мовай навучання ў Вільні. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі дарадца па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова і дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава.
Бацькі звярнуліся да беларускай лідаркі з заклікам падтрымаць намаганні па адкрыцці новых пачатковых класаў у Скарынаўскай гімназіі, адзінай школе ў Літве, дзе навучанне праходзіць на беларускай мове. Падчас размовы была абмеркаваная неабходнасць праграмаў інтэграцыі для беларускіх дзетак у Літве, курсы літоўскай мовы для настаўнікаў і стварэнне падручнікаў на беларускай мове.
ВЯЛІКДЗЕНЬ. 31 сакавіка Святлана Ціханоўская павіншавала ўсіх беларусаў з Вялікаднем: «Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!.. Сёння мы вітаемся гэтымі словамі і яны напаўняюць нас надзеяй. Мы выстаім, захаваемся, пройдзем праз гэтую цёмную даліну».
ПАШПАРТ НОВАЙ БЕЛАРУСІ. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі ў размове з «Нашай Нівай» адказаў на найбольш актуальныя запыты, звязаныя з распрацоўкай пашпарта новай Беларусі і ўводам яго ва ўжытак. Каманда Офіса распрацавала карткі з самымі важнымі выказваннямі прадстаўніка па міжнародных справах.
БЕЛАРУСЬ-ЛАТВІЯ. Арганізацыя FreeBelarus, беларуская жаночая арганізацыя «Māra» і Офіс Святланы Ціханоўскай возьмуць удзел у летнім фестывалі дыскусіяў LAMPA у Цэсісе, Латвія. Галоўная місія фестывалю LAMPA – умацаванне культуры дэмакратыі, дэбатаў і паважлівых размоваў у Латвіі. Да ўдзелу запрашаюцца няўрадавая арганізацыя і ініцыятыва з Латвіі, Літвы і Эстоніі, якія хочуць арганізаваць мерапрыемства ў рамках беларускай праграмы. Падрабязней – па спасылцы.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю DenikN (Чэхія), Радыё Свабода (Беларусь) (1, 2), БелСАТ (Беларусь) (1, 2, 3).
Акрамя таго, міністр замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна і беларуская лідарка апублікавалі сумесную заяву, прысвечаную 25 сакавіка ў гісторыі Беларусі і Эстоніі: «Мы лічым, што гэта наш агульны абавязак – дзейнічаць рашуча супраць сённяшніх дыктатураў. Барацьба за свабоду ў Беларусі, барацьба супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і абарона дэмакратычных каштоўнасцяў – гэта не ізаляваныя выклікі, а ўзаемазвязаныя бітвы ў глабальнай барацьбе за чалавечую годнасць і свабоду».