Беларуская лідарка наведала з працоўным візітам Страсбург, дзе ўзяла ўдзел у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы. Ціханоўская выступіла з прамовай, падчас якой распавяла пра распрацоўку праектаў рэформаў для Беларусі, а таксама адзначыла чатыры напрамкі, па якім еўрапейскія партнёры здольныя дапамагчы беларусам.
⚪️ «Дапамажыце нам падрыхтаваць рэформу самакіравання. У Новай Беларусі мы разглядаем самакіраванне як ключавы механізм стрыманняў і проціваг».
🔴 «Запусціце рэабілітацыйныя праграмы для ветэранаў вайны ва Украіне, дзяцей рэпрэсаваных і былых палітвязняў. Такія праграмы не толькі аздараўляюць нашых дзяцей, але і служаць моцным сігналам для беларусаў: «Вы не самотныя ў сваім змаганні. Мы падтрымліваем вас і вашыя сем’і».
⚪️ «Арганізуйце для беларусаў стыпендыі, гранты і стажыроўкі. Калі пачынаюцца змены, яны адбываюцца хутка. Нам патрэбныя людзі, якія будуць праводзіць рэформы і браць на сябе адказнасць за сваю краіну і свае супольнасці».
🔴 «Падтрымайце еўрапейскую перспектыву для Беларусі, Украіны і Малдовы. Тым часам як Украіна і Малдова ўжо зрабілі велізарныя крокі ў гэтым напрамку, мы, беларусы, знаходзімся ў самым пачатку шляху. Для нас еўрапейская перспектыва – гэта не проста капрыз. Гэта пытанне выжывання Беларусі як нацыі. Гэта адзіная альтэрнатыва «рускаму свету».