• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Мы не можам дабіцца перамен у ізаляцыі ад астатняй Еўропы»

    27 сакавіка, 2024

    Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы:

    «Паважаны Старшыня Марк Кулс,

    Паважаны Віцэ-прэзідэнт Бернд Ферынгер,

    Паважаныя ўдзельнікі і ўдзельніцы Кангрэса,

    Дзякуй за цёплы прыём. Тут я нібы знаходжуся сярод сяброў.

    Сяброў, якія падзяляюць тыя ж каштоўнасці і тое ж бачанне мірнай і дэмакратычнай Еўропы. Сяброў, якія вераць у дэмакратыю, вераць у вяршэнства закону і, галоўнае, вераць у народаўладдзе.

    Народаўладдзе – гэта менавіта тое, што робіць Еўропу такой прывабнай і паспяховай і што адрознівае яе ад тыраніі, падобнай той, што мы зараз бачым у Беларусі.

    У Беларусі ніхто не пытаецца ў людзей, чаго яны хочуць, як хочуць жыць, на што хочуць выдаваць грошы і дзе хочуць, каб навучаліся іх дзеці.

    Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, мне было столькі ж гадоў, колькі зараз майму сыну. І я памятаю галоўнае правіла, якому нас вучылі ў школе: не высоўвайцеся. Сядзіце моўчкі. «За вас усё вырашаць разумныя людзі», – казалі і кажуць яны.

    І менавіта тады ўзнікае дыктатура. Калі людзі пасіўныя, калі законы не працуюць і нейкія «разумныя людзі», якіх вы ніколі не чулі і не бачылі, вырашаюць вашую будучыню.

    Пасля 2020 года, калі ў Беларусі ўспыхнула нашая рэвалюцыя, мы больш ніколі не вернемся да маўчання. Беларусы адчулі сваю сілу і сілу самаарганізацыі.

    Людзям надакучылі тыранія і прыгнёт. Мы запатрабавалі права жыць у краіне, дзе кіруе закон, а не дыктатар са сваімі капрызамі.

    Падчас той рэвалюцыі ўзнікла наша самаарганізацыя. Нашая рэвалюцыя не толькі была мірнай, але і пачыналася знізу. Ініцыятыва была за простымі людзьмі, а не палітыкамі.

    Рэжым спадзяваўся, што ён спыніць пратэст, пазбавіўшыся палітычных лідараў. Некаторых палітычных лідараў, як, напрыклад, майго мужа, заключылі ў турму. Іншых прымусілі пакінуць краіну. Але ведаеце што? Пратэсты не спыняліся і нават раслі ў маштабах.

    Людзі самаарганізаваліся праз тысячы мясцовых чатаў. У КДБ адчайна спрабавалі зразумець, што адбываецца і хто стаіць за пратэстамі.

    Але яны не прыдумалі іншага рашэння, акрамя як узмацніць рэпрэсіі. Тысячы людзей патрапілі ў турму, былі параненыя або падвергнутыя катаванням. Людзі пачалі арганізоўвацца ў мясцовыя суполкі, каб дапамагаць адно аднаму. Арганізавалі сістэму медычнай і юрыдычнай дапамогі. Стварылі сістэму краўдфандынгу для дапамогі тым, хто мае патрэбу.

    Тыя, каму прыйшлося ўцякаць ад рэпрэсіяў у іншыя краіны, аб’ядноўваліся ў дыяспаральныя групы. Некаторыя з іх дапамагаюць ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі. Некаторыя падтрымліваюць украінцаў у іх барацьбе за свабоду.

    Некаторыя дыяспаральныя групы стварылі Народныя амбасады, каб адстойваць інтарэсы беларусаў замежжа перад урадамі і мясцовымі ўладамі краін.

    Гэтая рэвалюцыя навучыла людзей у нашай краіне быць самастойнымі, смелымі і браць на сябе адказнасць – за сваю будучыню і за свае супольнасці.

    Нашая рэвалюцыя, якая працягваецца і дагэтуль, заклала аснову новай дэмакратычнай сістэмы, у цэнтры якой – людзі.

    Цяпер мы ясна разумеем, за якія змены ў Беларусі мы змагаемся.

    Мы змагаемся за Беларусь, дзе ўрад нясе адказнасць перад людзьмі. Дзе людзі самаарганізуюцца, прымаюць калектыўныя рашэнні і нясуць за гэтыя рашэнні адказнасць. Дзе шануюць кожнага чалавека і дзейнічаюць законы.

    Мы таксама зразумелі, што не зможам дабіцца гэтых пераменаў, пакуль не дэмантуем злачынны дыктатарскі рэжым. Пакуль наша краіна захопленая нелегітымным дыктатарам, патэнцыял нашага народа не можа быць поўнасцю рэалізаваны.

    Мы не зможам дабіцца гэтых пераменаў, пакуль наша тэрыторыя знаходзіцца пад расійскім ботам. Бо пуцінская Расія і дэмакратычныя прынцыпы несумяшчальныя. Пад Расіяй ні ў каго не можа быць ні свабоды, ні міру, ні будучыні.

    Мы не можам дабіцца гэтых пераменаў у ізаляцыі ад астатняй Еўропы.

    Вельмі шкада, што столькі гадоў Беларусь заставалася чорнай плямай на карце Рады Еўропы. Удзел у Радзе Еўропы і Еўрапейскім Саюзе гарантаваў бы вяршэнства закону, мір і дэмакратычныя прынцыпы.

    Так, мы не можам дабіцца гэтых пераменаў зараз. І мы не ведаем, колькі часу нам на гэта спатрэбіцца. Але мы можам рыхтавацца да новага акна магчымасцяў, каб яно не заспела нас знянацку. Таму мы пачалі рыхтаваць комплекс рэформаў і распрацавалі новую Канстытуцыю. Канстытуцыю, дзякуючы якой будзем упэўненыя, што дыктатура ў Беларусі ніколі не паўторыцца.

    Мы зразумелі, што не зможам дабіцца гэтых пераменаў у адзіночку. Нам абсалютна неабходныя салідарнасць і падтрымка з боку міжнароднай супольнасці, асабліва з боку нашых еўрапейскіх суседзяў.

    І вы, як прадстаўнікі мясцовай і рэгіянальнай улады, таксама можаце адыграць важную ролю ў гэтых пераменах. Таму я звяртаюся сёння да вас з чатырма канкрэтнымі просьбамі:

    Першая. Дапамажыце нам падрыхтаваць рэформу самакіравання. У Новай Беларусі мы разглядаем самакіраванне як ключавы механізм стрымак і проціваг. Мы ўжо падрыхтавалі закон аб самакіраванні і дадалі адпаведныя пункты ў Канстытуцыю Новай Беларусі. Наша мэта – дэцэнтралізаваць кіраванне і даць больш улады мясцовым супольнасцям.

    Мы былі б глыбока ўдзячныя, калі б Кангрэс мог дапамагчы нам сваім юрыдычным досведам і перадавой практыкай. Мы хочам навучыцца ў вас і даведацца, што працуе, а што не. Так мы зможам закласці трывалы падмурак пад нашую дэмакратычную будучыню.

    Другая. Запусціце праграмы рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных і былых палітвязняў. На дадзены момант у Беларусі за кратамі знаходзяцца не менш за 1500 палітвязняў. Сярод іх мастакі, журналісты, актывісты – сэрца і душа нашай краіны.

    На жаль, у нас няма ключоў ад турмаў, але мы можам дапамагчы сем’ям зняволеных. Таксама мы можам дапамагчы тым, хто адбыў пакаранне і знаходзіцца ў цяжкім стане.

    І я ведаю, што некаторыя з вас ужо аказваюць гэтую дапамогу: у Італіі, Нарвегіі, Іспаніі, Польшчы і Чэхіі. Я хачу падзякаваць Іларыі Бугеці з рэгіёна Таскана і Луку Дзаю з Венета за тое, што прынялі беларускіх дзяцей.

    Такія праграмы не толькі дапамагаюць паправіць здароўе нашых дзяцей, але і дасылаюць беларусам пераканаўчы сігнал: вы не самотныя ў сваёй барацьбе. Мы падтрымліваем вас і вашыя сем’і.

    У якасці прыкладу можна прывесці чарнобыльскія праграмы, калі тысячы дзяцей з Беларусі і Украіны змаглі паехаць у Заходнюю Еўропу, паправіць здароўе і рэабілітавацца. Я сама ўдзельнічала ў такой праграме ў Ірландыі, калі была дзіцем. Тая праграма змяніла маё жыццё і сфармавала мяне як асобу.

    Такія праграмы могуць быць арганізаваныя ў супрацоўніцтве паміж Кангрэсам, мясцовымі ўладамі і беларускай дыяспарай.

    Кажучы пра рэпрэсаваных, нельга забывацца і пра беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне. Як вядома, тысячы беларусаў ваююць за Украіну з 2014 года, калі Расія ўпершыню ўварвалася ва Украіну. Многія з іх маюць патрэбу ў рэабілітацыі, псіхалагічнай і медычнай дапамогі. Яны разлічваюць на нас. І яны разлічваюць на вас.

    Трэцяя. Запусціце стыпендыі, гранты і стажыроўкі для беларусаў. Калі перамены пачынаюцца, яны адбываюцца хутка. Нам патрэбныя людзі, якія змогуць правесці рэформы і ўзяць на сябе адказнасць за сваю краіну і свае супольнасці. Запрасіце актывістаў беларускай дыяспары паназіраць за вашай працай і даведацца, як на практыцы працуюць самакіраванне і мясцовая дэмакратыя. Уключыце беларусаў у мерапрыемствы на сваім узроўні, канферэнцыі, акадэмічныя і культурныя абмены. Пакажыце, што вы падзяляеце беларускі рэжым, які стаў суагрэсарам у вайне, і беларускі народ, які адважна змагаецца за свабоду і будучыню, еўрапейскую будучыню.

    Чацвёртае. Падтрымайце еўрапейскую перспектыву для Беларусі, Украіны і Малдовы. Калі Украіна і Малдова ўжо зрабілі вялізныя крокі ў гэтым напрамку, то мы, беларусы, знаходзімся на самым пачатку шляху. Я заклікаю Кангрэс, мэраў і кіраўнікоў мясцовых органаў улады стаць часткай шырокай міжнароднай кааліцыі па інтэграцыі Беларусі ў Еўрасаюз. Мы мусім вярнуць нашу краіну ў Еўропу, дзе і ёсць яе гістарычнае месца.

    Для нас еўрапейская перспектыва – гэта не проста капрыз. Гэта пытанне выжывання Беларусі як нацыі. Гэта адзіная альтэрнатыва «рускаму свету». Толькі ў Еўрасаюзе Беларусь зможа раскрыць свой сапраўдны патэнцыял.

    Для народа Беларусі дарога ў Еўропу ляжыць праз Страсбург. Я лічу, што Рада Еўропы з’яўляецца ключом да дэмакратычнай будучыні Беларусі і першым крокам да Еўрапейскага Саюза.

    У 2022 годзе разам з генеральным сакратаром Марыяй Бурыч мы стварылі Кантактную групу па працы з дэмакратычнай Беларуссю. Гэта было сапраўды гістарычнае рашэнне. Ніколі раней у гісторыі Рады Еўропы краіна не была прадстаўленая не афіцыйным урадам, а дэмакратычным рухам.

    Рада Еўропы – гэта супольнасць каштоўнасцяў, якія мы ўсё падзяляем, і мы хочам быць часткай гэтай супольнасці. Супрацоўніцтва з Радай Еўропы ўжо зараз дапамагае нам будаваць моцныя дэмакратычныя інстытуты і актыўную грамадзянскую супольнасць.

    Цяпер я прашу ваш Кангрэс рушыць услед гэтаму прыкладу і пачаць супрацоўніцтва з дэмакратычнай Беларуссю. Як я часта кажу, мы жывем у беспрэцэдэнтныя часы, і такія часы патрабуюць беспрэцэдэнтных рашэнняў.

    У нас ёсць спіс таго, што мы можам рабіць разам ужо зараз, не чакаючы краху дыктатарскага рэжыму.

    Дарагія сябры,

    Я веру, што разам мы здолеем змяніць сітуацыю. Разам мы зможам пабудаваць Еўропу, дзе няма тыраніі, вайны і прыгнёту. Дзе людзі самі вырашаюць сваю будучыню.

    Разам мы зможам дапамагчы Украіне выйграць гэтую вайну і вызваліць Беларусь з кіпцюроў тыраніі.

    Вашая падтрымка свабоднай Беларусі і перамогі Украіны – гэта ваш уклад у мір і стабільнасць на ўсім кантыненце.

    Выказваю найглыбейшую падзяку гэтаму Кангрэсу, кожнаму гораду, кожнаму рэгіёну, якія падтрымалі Беларусь. Вашая падтрымка, вашая салідарнасць і вашая прыхільнасць да нашай справы не будуць забытыя.

    Дзякуй. Жыве Беларусь! Жыве Еўропа!»

    Апошнія навіны