АДКАЗНАСЦЬ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ
Святлана Ціханоўская разам з міністаркай юстыцыі Літвы выступіла на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі» ў Вільні. Ціханоўская заклікала збіраць доказы злачынстваў рэжыму, выкарыстоўваць прынцып універсальнай юрысдыкцыі і механізмы міжнародных судоў для прыцягнення да адказнасці памагатых рэжыму.
КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ
14-15 верасня ў Варшаве Аб’яднаны пераходны кабінет правёў канферэнцыю «Belarus ID Revival Days», прысвечаную ключавым пытанням беларускай ідэнтычнасці, адукацыі, навукі і культуры. Падчас канферэнцыі абмеркавалі Стратэгіі нацыянальнага адраджэння Беларусі.
550 ДЗЁН ЦІХАНОЎСКІ Ў ІНКАМУНІКАДА
Святлана Ціханоўская нагадала пра 550 дзён знаходжання Сяргея Ціханоўскага ў рэжыме інкамунікада. Лідарка заклікала да салідарнасці з палітвязнямі і змагання за вызваленне кожнага.
ДАПАМОГА ПАЛІТВЯЗНЯМ
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала вялікі спіс кантактаў арганізацыяў, якія дапамагаюць былым палітзняволеным і іх сем’ям наладзіць новае жыццё пасля перанесенага ў Беларусі гвалту і рэпрэсіяў.
НАПАД НА ПРАВАСЛАЎНЫ ПРЫХОД У ВІЛЬНІ
Беларуская лідарка разам з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса сустрэлася са святарамі і вернікамі беларускага праваслаўнага прыхода ў Вільні. На пачатку верасня на царкву здзейснілі напад і абстралялі вокны з пнеўматычнай зброі. Падчас візіту Святлана Ціханоўская выказала спадзяванні на хуткі пошук злачынцаў і недапушчальнасць падобных нападаў.
БЕЛАРУСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ У ЛІТВЕ
Святлана Ціханоўская працягвае сустрэчы з беларусамі ў Літве. 10 верасня беларуская лідарка наведала краму А2 print у Вільні, дзе сустрэлася з сузаснавальніцай праекта, былой палітзняволенай Алесяй Буневіч і яе партнёркамі, а таксама з былым добраахвотнікам Аляксандрам Клачко. Беларуская лідарка падзякавала ім за захаванне беларускай культуры, падтрымку палітвязняў і добраахвотнікаў ва Украіне.
ЗША ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНУЮ БЕЛАРУСЬ
Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам Дзяржсакратара ЗША Куртам Кэмпбелам падчас яго візіту ў Вільню. Прадстаўнік ЗША падкрэсліў, што Штаты працягнуць падтрымку беларускага народа і дэмакратычнай супольнасці.
ЭСТОНІЯ І ЛАТВІЯ
Святлана Ціханоўская сустрэлася з канцлерам Міністэрства замежных справаў Эстоніі Ёнатанам Всевіавым. Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя актуальныя для беларусаў пытанні і праблемы. Таксама Беларуская лідарка сустрэлася з новай амбасадаркай па асаблівых даручэннях Латвіі Гунтай Пасторе. Галоўнымі тэмамі сталі знаходжанне аўтамабіляў з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі на тэрыторыі Латвіі, ціск на рэжым і рознабаковая падтрымка беларусаў.
ІТАЛІЯ
Дарадца па пытаннях дыпламатыі Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі падчас працоўнага візіту ў Італію сустрэўся з прадстаўнікамі Офіса прэм’ер-міністра, Міністэрства ўнутраных справаў і парламента краіны. Галоўнымі тэмамі абмеркаванняў сталі ўмацаванне падтрымкі беларусаў і супрацоўніцтва Італіі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
НАРВЕГІЯ
Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Нарвегіі. Падчас сустрэчы абмеркавалі дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, і запуск Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі. Раней Фонд падтрымалі Швецыя і Нарвегія.
СТЫПЕНДЫІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ
Пад ганаровым патранажам Святланы Ціханоўскай была запушчаная стыпендыяльная праграма, якая стала вынікам візіту беларускай лідаркі ў кастрычніку 2023 года ў Інсбрук (Аўстрыя). Пяць беларусаў атрымалі стыпендыю, сярод іх Аляксандра Пушкіна, член праўлення партала «Зеркало».
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава распавяла пра стыпендыі, на якія могуць падавацца беларускія студэнты ў Еўропе.
СПРАВА АНДРЭЯ ГНЁТА
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай працягвае падтрымку Андрэя Гнёта і вітае рашэнне Апеляцыйнага суда Сербіі аб адмене экстрадыцыі актывіста і патрабуе яго неадкладнага вызвалення.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні пра Cвятлану Ціханоўскую выйшлі матэрыялы на беларускім медыяпартале BELSAT, Associated Press (Міжнароднае) і APNews (Міжнароднае). Беларуская лідарка дала інтэрв’ю каналу Дождь.