Беларуская лідарка выступіла на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі». У сваёй прамове Ціханоўская падкрэсліла важнасць міжнароднай падтрымкі і прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях супраць беларускага народа. Асобную ўвагу лідарка звярнула на вар’яцкія прысуды, якія атрымліваюць звычайныя грамадзяне за пастаўлены «лайк» ці фота ў сацсетках:
📌 «Такія прысуды, як два гады турмы за размяшчэнне карыкатуры на дыктатара, самі па сабе з’яўляюцца карыкатурай на правасуддзе. Але мы павінны ставіцца да іх вельмі сур’ёзна, таму што ў турмах яны разбураюць чалавечыя жыцці».
📌 «Беспакаранасць параджае пачвар. Усе злачынцы павінны зразумець: ім не атрымаецца пазбегнуць правасуддзя».
📌 «Вызваленне ўсіх палітзняволеных застаецца нашым прыярытэтам. Мы павінны працягваць міжнародны ціск датуль, пакуль кожны з іх не апынецца на волі. Аднаўленне справядлівасці – гэта не проста патрэба, гэта наш адзіны шлях назад да дэмакратыі».
📌 «Нельга забываць пра міжнародныя злачынствы рэжыму: захоп самалёта, міграцыйны крызіс, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей, не кажучы ўжо пра саўдзел Лукашэнкі ў вайне. Ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці за гэта. Таму мы павінны выкарыстоўваць даступныя цяпер інструменты: персанальныя санкцыі, універсальную юрысдыкцыю і міжнародныя суды».
У мерапрыемстве бяруць удзел як прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў і праваабарончых арганізацый, так і прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства юстыцыі Літвы і дэпутаты Еўрапарламента.