Беларуская лідарка завітала ў краму A2 print, дзе пабачылася з сузаснавальніцай праекта, былой палітзняволенай Алесяй Буневіч і яе партнёркамі. Яны падзяліліся гісторыяй стварэння крамы, расказалі, як працавалі падчас зняволення Алесі і змаглі не толькі захаваць, але і развіць бізнес.
Сёлета крама пачала супрацоўніцтва з былым добраахвотнікам Аляксандрам Клачко, які вырабляе прадукцыю пад уласным брэндам «Кусь». Аляксандр прадставіў Святлане свае вырабы, частка сродкаў ад продажу якіх будзе накіраваная на дапамогу былым добраахвотнікам. Алеся Буневіч, у сваю чаргу, падзялілася асабістым досведам: распавяла пра цяжкасці жыцця жанчын у зняволенні і паказала ружовы халат, які выдаецца ў жаночай калоніі.
Лідарка выказала падзяку ўсім, хто працягвае працаваць над захаваннем беларускай культуры, падтрымлівае палітвязняў і добраахвотнікаў ва Украіне.
Святлана Ціханоўская: «Вельмі ўтульна ў вас, і шмат прыгожых вырабаў. Хачу пажадаць вашаму праекту поспехаў. Так важна паказваць, што быць беларусам і змагацца за вольную Беларусь – гэта не толькі годна, але яшчэ і модна!»