Святлана Ціханоўская: «550 дзён без навінаў ад Сяргея. 550 дзён я не ведаю, ці бачыць ён лісты з малюнкамі ад Агніі і Карнея, якія штодня чакаюць тату. Гэты доўгі час без вестак ад яго цягнецца, як адзін бясконцы і балючы дзень. Рэжым інкамунікада – нясцерпны цяжар для кожнага, хто чакае хоць аднаго радка з-за кратаў ад блізкага чалавека. І немагчыма нават уявіць, што адчуваюць палітвязні, калі рэжым спрабуе зламаць іх, пакідаючы без сувязі нават з самымі блізкімі. Рэжым інкамунікада – гэта не проста адсутнасць сувязі. Гэта жорсткі спосаб катавання.
Ад гэтага маўчання кожны дзень напаўняецца невядомасцю і трывогай. Але ў хвіліны разгубленасці я ўспамінаю, як Сяргей заўсёды натхняў мяне сваёй мужнасцю і сілай. Час ад часу людзі, якія бачылі яго ў турме, расказваюць пра Сяргея, і кажуць: нават у няволі ён захоўвае сваю непахіснасць, і гэта дае мне сілы рухацца далей.
Мае дарагія! Кожны ліст, кожная паштоўка для нашых палітвязняў – гэта не проста словы на паперы. Гэта наш спосаб паказаць, што мы побач і вельмі чакаем іх на волі. Пішыце тым, хто ў ізаляцыі, дапамагайце іх сем’ям, калі для вас гэта бяспечна. Кожнае слова сапраўды можа падтрымаць, нават калі здаецца, што яго ніхто не прачытае».