ВІЗІТ У РЫМ
9 сакавіка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Італіі. Падчас візіту яна правяла шэраг важных сустрэчаў:
– З прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэлам. Бакі абмеркавалі сітуацыю ўнутры Беларусі, дзе працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і рэпрэсіі, у тым ліку супраць вернікаў. Ціханоўская падкрэсліла важнасць узмацнення еўрапейскай перспектывы для беларускага народа і супрацьстаяння русіфікацыі і мілітарызацыі Беларусі.
– З прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджа Мелоні. Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў, супрацоўніцтва з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША і Еўрапейскім Саюзам у гэтым пытанні. Беларуская лідарка адзначыла неабходнасць падтрымкі для рэпрэсаваных і асабліва тых, хто выйшаў з турмаў.
– З міністрам замежных справаў Антоніа Таяні. Абмеркавалі палітычную падтрымку дэмакратычных сілаў, супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях і кантакты на палях G7, а таксама гуманітарныя пытанні — падтрымку рэпрэсаваных і праблемы беларусаў у Італіі.
– Са спікерам парламента Ларэнца Фантана. Размова ішла пра падтрымку дэмакратычнай Беларусі з боку італьянскага парламента і працу парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», пра міжнародны альянс парламенцкіх групаў у падтрымку Беларусі і будучую сустрэчу альянсу ў Лондане, а таксама пра ініцыятывы салідарнасці з палітвязнямі.
– З групай сяброў дэмакратычнай Беларусі абмеркавалі геапалітычную сітуацыю, працэс вызвалення палітвязняў, ролю рэжыму ў вайне супраць Украіны і далейшыя крокі супрацоўніцтва з Італіяй — у тым ліку ў гуманітарных і парламенцкіх ініцыятывах.
Акрамя гэтага, Ціханоўская далучылася да канферэнцыі «Жанчыны майго часу», арганізаванай Міністэрствам замежных справаў Італіі і царкоўным дарадцам міністра Антоніа Таяні з нагоды Міжнароднага жаночага дня. У сваім выступе Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ў Беларусі жанчыны гістарычна нясуць на сабе вялікую адказнасць, нагадала пра беларускіх жанчын, якія праяўляюць мужнасць, нягледзячы на рэпрэсіі, а таксама заклікала міжнародную супольнасць праяўляць салідарнасць з беларускімі палітвязнямі.
ВІЗІТ У ЛАТВІЮ
11–12 сакавіка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Латвіі. Падчас візіту яна сустрэлася з:
– прэзідэнтам Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам. Бакі абмеркавалі шэраг важных пытанняў: неабходнасць захоўваць і ўзмацняць ціск на рэжым, гуманітарны трэк і падтрымку вызваленых палітвязняў, ролю Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны, міжнародную каардынацыю, падтрымку беларускай дыяспары, беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай мовы, а таксама ініцыятывы беларускай супольнасці ў Латвіі.
– міністаркай замежных справаў Байбай Бражэ. Абмеркавалі пытанне палітвязняў і гуманітарны трэк, магчымасць дапамогі праз Міжнародны гуманітарны фонд, практычныя крокі для беларусаў у Латвіі.
– парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь». Асноўны фокус размовы — беларусы: іх бяспека, мабільнасць, жыццёвыя пытанні ў выгнанні і тое, як Латвія працягвае падтрымліваць беларускую супольнасць і грамадзянскую супольнасць Беларусі.
Акрамя таго, Ціханоўская выступіла з лекцыяй у Рыжскім універсітэце імя Страдыня:
«Я хачу заклікаць вас удзельнічаць у палітычным жыцці. Як вы чулі з маёй гісторыі, вы можаце не цікавіцца палітыкай, але палітыка ўсё роўна дакранецца да вас. І калі гэта адбудзецца, лепш быць падрыхтаванымі. Памятайце: салідарнасць — гэта суперсіла. Калі вы падтрымліваеце тых, хто змагаецца за справу справядлівую, гэта заўсёды вяртаецца. Гэта датычыцца Беларусі. Гэта датычыцца ўсіх народаў, якія змагаюцца за свабоду ў гэты самы момант».
СУСТРЭЧА З КАМАНДАЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ «СУМЛЕННЫЯ ЛЮДЗІ»
13 сакавіка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з камандай ініцыятывы «Сумленныя людзі». Галоўная тэма сустрэчы — як узмацняць інфармацыйную прысутнасць для аўдыторыі ўнутры Беларусі і як каардынаваць супольныя праекты.
Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі:
– патрэбу ў простых «тлумачальных» фарматах, якія дапамагаюць разумець міжнародныя падзеі і рашэнні, адрозніваць факты ад маніпуляцыяў;
– магчымасці каардынацыі камунікацыйных ініцыятываў і супольных адукацыйных прадуктаў;
– як больш сістэмна ўключаць дыяспару ў падтрымку праектаў, якія працуюць на Беларусь, у тым ліку мерапрыемствы і праекты, прысвечаныя Дню Волі і Міжнароднаму дню салідарнасці з Беларуссю.
ПАНЭЛЬНАЯ ДЫСКУСІЯ «ПЕРШЫ КРОК: ЯК БЕЛАРУСКІ ВЫХОДЗЯЦЬ У ПУБЛІЧНАСЦЬ»
10 сакавіка Святлана Ціханоўская ў Варшаве ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Першы крок: як беларускі выходзяць у публічнасць», прымеркаванай да Міжнароднага дня салідарнасці жанчын. У дыскусіі таксама ўдзельнічалі Яна Шостак, Ліза Ветрава, Наста Базар і Ірына Сідорская. Святлана адзначыла, што «быць на сваім месцы» можа азначаць рознае ў розныя перыяды жыцця, бо жанчына шматгранная і не павінна ўціскацца ў адну ролю.
«Усё ўпершыню заўсёды страшна, галоўнае не даць страху паглынуць сябе. 2020 год быў момантам, калі сказаць «не» было проста немагчыма. Маёй галоўнай падтрымкай тады былі самі беларусы і беларускі: іх салідарнасць і вера», — Святлана Ціханоўская.
КАНСУЛЬТАЦЫІ ПАМІЖ УРАДАМ ВЯЛІКАБРЫТАНІІ І БЕЛАРУСКІМІ ДЭМАКРАТЫЧНЫМІ СІЛАМІ
9 сакавіка прадстаўнікі ўрада Вялікабрытаніі і беларускіх дэмакратычных сілаў правялі кансультацыі ў Форын Офісе (FCDO) у Лондане. Сустрэча аб’яднала афіцыйных асобаў FCDO і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці і экспертных колаў для абмену меркаваннямі, умацавання супрацоўніцтва і вызначэння практычных крокаў па падтрымцы дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
Брытанскую дэлегацыю ўзначаліў дырэктар Дэпартамента Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FCDO Крыс Аллан, а беларускую — галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Падчас кансультацый удзельнікі абмеркавалі падзеі ўнутры Беларусі і праблемы, з якімі сутыкаецца беларускае грамадства ва ўмовах працяглых рэпрэсіяў.
СУСТРЭЧА З КАМАНДАЙ БЕЛАРУСКАГА ДАСЛЕДЧАГА ЎНІВЕРСІТЭТА ІМЯ АСТАФЕЯ ВАЛОВІЧА
10 сакавіка ў Варшаве Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прадстаўнікамі ініцыятывы па стварэнні Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча. Падчас сустрэчы каманда прэзентавала канцэпцыю ўніверсітэта і пазнаёміла з удзельнікамі аргкамітэта. Бакі абмеркавалі выклікі, якія стаяць перад праектам, а таксама магчымасці падтрымкі новай адукацыйнай ініцыятывы. Асобная ўвага была нададзеная пытанням фармавання акадэмічнай каманды, тэрмінам афіцыйнай рэгістрацыі ўніверсітэта і планам пачатку яго працы.
САЙД-ІВЭНТ «ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ» НА ПАЛЯХ РАДЫ ААН ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА
12 сакавіка ў Жэневе адбыўся сайд-івэнт «Human Rights in Belarus», прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, бягучаму становішчу палітвязняў у турмах і пытанням міжнароднай адказнасці. Івэнт прайшоў у рамках 61-й сесіі Рады ААН па правах чалавека.
У дыскусіі ўзялі ўдзел Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай, Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», Андрэа Хубер, кіраўніца International Accountability Platform for Belarus, Карына Маскаленка, незалежная экспертка ААН па Беларусі.
Алесь Бяляцкі і Леанід Марозаў таксама сустрэліся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. Галоўны фокус сустрэчы — бягучая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку становішча палітвязняў і роля міжнародных механізмаў у абароне фундаментальных правоў і свабодаў.
ПАНЭЛЬНАЯ ДЫСКУСІЯ «УСХОДНІ ШЧЫТ: ЯК УМАЦАВАЦЬ ЕЎРАПЕЙСКУЮ БЯСПЕКУ АД ВЯЛІКАБРЫТАНІІ ДА БЕЛАРУСКА-БАЛТЫЙСКАЙ ЛІНІІ»
10 сакавіка ў Прадстаўніцтве дэмакратычных сілаў у Эстоніі адбылася панэльная дыскусія «Усходні шчыт: як умацаваць еўрапейскую бяспеку ад Вялікабрытаніі да беларуска-балтыйскай лініі», арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай.
У дыскусіі бралі ўдзел Сэр Ліам Фокс, былы міністр абароны і міжнароднага гандлю Вялікабрытаніі, Ёнатан Всевіаў, генеральны сакратар Міністэрства замежных справаў Эстоніі, Уладзімір Баечка, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны і Дзяніс Кучынскі, дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай. Падчас мерапрыемства былі разгледжаныя пытанні барацьбы з дэзінфармацыяй і ролі незалежных СМІ, кібербяспекі і дзейнасці кіберапартызанаў, санкцыяў і ролі журналістаў-расследчыкаў, беззаконня і адказнасці ва ўмовах вайны ва Украіне, магчымай ролі беларускіх вайскоўцаў.
ДЗЕНЬ ЗАСНАВАННЯ ПАЛКА КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды дня заснавання палка Кастуся Каліноўскага: «Аднойчы гэты дзень будзе ў падручніках гісторыі як напамін: нават калі ў Беларусі панавала дыктатура, беларусы ўсё роўна рабілі выбар на карысць свабоды. Дзякуй кожнаму і кожнай, хто змагаецца ва Украіне».
ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ БЕЛАРУСІ
15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Святлана Ціханоўская і дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паразважалі, якое значэнне гэты дзень мае для беларусаў, і якой павінна быць канстытуцыя.
Святлана Ціханоўская:
«Сённяшні дзень павінен нагадваць пра галоўны прынцып дзяржавы — павагу да чалавека, яго годнасці і правоў. Канстытуцыя павінна абараняць слабога ад моцнага, грамадзяніна — ад злоўжывання ўладай. Яна павінна быць не інструментам кантролю, а гарантыяй свабоды».
Офіс таксама параўнаў два падыходы:
– дзейную Канстытуцыю Беларусі,
– праект Канстытуцыі Новай Беларусі.
ДЗЕНЬ АДНАЎЛЕННЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ ЛІТВЫ
11 сакавіка ў Літве адзначаўся Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы.
Дзяніс Кучынскі далучыўся да ўрачыстых мерапрыемстваў з гэтай нагоды:
«Для Беларусі гэта сапраўдны сімвал таго, як нават у цяжкіх умовах імперыі, у Савецкім Саюзе, пад акупацыяй, можна аднавіць сваю незалежнасць. Літва здолела за адно пакаленне пабудаваць еўрапейскую, незалежную, моцную і квітнеючую дзяржаву. Для Офіса Святланы Ціханоўскай было гонарам удзельнічаць у афіцыйных мерапрыемствах у Вільні з нагоды гэтага дня. Шчыра віншуем нашых літоўскіх суседзяў і сяброў».
РЭГІЯНАЛЬНЫ ФОРУМ БЯСПЕКІ Ў ДЗЕНЬ ВОЛІ
25 сакавіка, у Дзень Волі, у Кіеве адбудзецца рэгіянальны форум бяспекі «Шлях да Свабоды». Мерапрыемства арганізуюць Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, аналітычны цэнтр «Украінская прызма» і Міжнародны фонд «Адраджэнне».
Форум будзе прысвечаны ключавым аспектам беларускай вызваленчай барацьбы, пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пытанням супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з Украінай і еўрапейскімі партнёрамі.
МІКАЛАЙ КАЗЛОЎ ПРЫЗНАЧАНЫ НА ПАСАДУ ПРАДСТАЎНІКА ПА АДНАЎЛЕННІ ПРАВАПАРАДКУ АБ’ЯДНАНАГА ПЕРАХОДНАГА КАБІНЕТА БЕЛАРУСІ
Святлана Ціханоўская прызначыла Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка па аднаўленні правапарадку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Рашэнне прынята на падставе рэкамендацый Каардынацыйнай рады, у адпаведнасці з працэдурай.
КАМЕНТАР ПРА РАШЭННЕ МІЖНАРОДНАГА КРЫМІНАЛЬНАГА СУДУ ПАЧАЦЬ РАССЛЕДАВАННЕ СУПРАЦЬ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ
Святлана Ціханоўская: «Я вітаю рашэнне Міжнароднага крымінальнага суду пачаць расследаванне супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці. Праз дзеянні рэжыму пацярпелі і працягваюць цярпець сотні тысячаў беларусаў, а палітыка Лукашэнкі стварае пагрозы і для суседзяў Беларусі.
Гэтае рашэнне вяртае надзею: што Законнасць будзе адноўленая, што вінаватыя панясуць адказнасць, а пацярпелыя атрымаюць права на праўду і справядлівасць».
КАМЕНТАР ПРА ПРАГРАМУ РАЗВІЦЦЯ АДУКАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
«Беларусь інтэлектуальная» — афіцыйная праграма развіцця адукацыі на 2026–2030 гады. Яна была зацверджаная на Усебеларускім народным сходзе ў снежні 2025 г. у якасці прыярытэту №2 сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Павел Церашковіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі, пракаментаваў:
«Нягледзячы на пафасную назву «Беларусь інтэлектуальная», праграма прадугледжвае, што не менш за 50% вучняў пасля заканчэння 9 класа будуць накіраваныя на атрыманне пераважна рабочых прафесіяў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Праграма абяцае «павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі», але аніякай канкрэтыкі пра гэта няма».
МЕДЫЯ: RSI (Швейцарыя), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Deutsche Welle (Міжнароднае), AP News (Міжнароднае), L’Echo (Бельгія).
