12 сакавіка ў Жэневе адбыўся сайд-івэнт «Human Rights in Belarus», прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, бягучаму становішчу палітвязняў у турмах і пытанням міжнароднай адказнасці. Івэнт прайшоў у рамках 61-й сесіі Рады ААН па правах чалавека.
У дыскусіі ўзялі ўдзел:
– Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай;
– Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна»;
– Андрэа Хубер, кіраўніца International Accountability Platform for Belarus;
– Карына Маскаленка, незалежная экспертка ААН па Беларусі.
У той жа дзень Святлана Ціханоўская звярнулася да ўдзельнікаў Рады ААН па правах чалавека. Яна падкрэсліла: неабходна дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, працягваць міжнародны ціск на рэжым і прыцягнуць яго да адказнасці.
Асабліва важным стаў удзел нядаўна вызваленага Алеся Бяляцкага. Яго ўдзел у сайд-івэнце — напамін міжнароднай супольнасці пра тое, якую цану беларусы плацяць за свабоду і правы чалавека.
Леанід Марозаў адзначыў:
«Калі рэжым патрабуе падзякі за вызваленне людзей, якіх сам незаконна кінуў за краты, гэта выглядае як просьба апладыраваць выкрадальніку за тое, што ён вярнуў закладнікаў.
Людзі ніколі не павінны быць прадметам гандлю або дыпламатычнай валютай. Адзіны сапраўдны гуманітарны крок — гэта вызваленне ўсіх палітвязняў з адначасовым спыненнем рэпрэсіяў».
Дзякуем Institute for Human Rights і асабіста Эміну Гусейнаву за арганізацыю гэтай важнай дыскусіі.
