• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Другія кансультацыі паміж урадам Вялікабрытаніі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі

    11 сакавіка, 2026

    9 сакавіка 2026 года прадстаўнікі ўрада Вялікабрытаніі і беларускіх дэмакратычных сілаў правялі кансультацыі ў Форын Офісе (FCDO) у Лондане. Сустрэча аб’яднала афіцыйных асобаў FCDO і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці і экспертных колаў для абмену меркаваннямі, умацавання супрацоўніцтва і вызначэння практычных крокаў па падтрымцы дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

    Брытанскую дэлегацыю ўзначаліў дырэктар Дэпартамента Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FCDO Крыс Аллан, а беларускую — галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

    Падчас кансультацый удзельнікі абмеркавалі падзеі ўнутры Беларусі і праблемы, з якімі сутыкаецца беларускае грамадства ва ўмовах працяглых рэпрэсіяў. Асаблівая ўвага была нададзеная сітуацыі палітвязняў, працяглага палітычнага пераследу і неабходнасці захавання міжнароднага ціску на рэжым. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў таксама вызначылі свае прыярытэты ў пытаннях дэмакратычнага пераходу, падрыхтоўкі інстытутаў і ўмацавання дэмакратычнай устойлівасці.

    Другая сесія была прысвечаная пытанням бяспекі, уключаючы рэгіянальную бяспекавую сітуацыю, ролю Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны і больш шырокія рызыкі, звязаныя з мілітарызацыяй краіны. Удзельнікі абмяняліся поглядамі на тое, як міжнародныя партнёры могуць рэагаваць на ўзнікаючыя выклікі бяспекі і падтрымліваць суверэнную і дэмакратычную будучыню Беларусі.

    Яшчэ адной ключавой тэмай абмеркавання былі правы чалавека і сацыяльная палітыка, уключаючы доўгатэрміновыя сацыяльныя наступствы рэпрэсіяў і прымусовай эміграцыі для беларускіх сем’яў. Удзельнікі адзначылі псіхалагічныя і эканамічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой, у тым ліку пытанні прававога статусу, доступу на рынак працы і сацыяльнай абароны.

    Кансультацыі таксама закранулі ролю культуры, дыяспары і незалежных СМІ ў падтрымцы беларускай дэмакратычнай ідэнтычнасці і ўстойлівасці. Абмяркоўвалі рост беларускай дыяспары з 2020 года, праблемы, з якімі сутыкаюцца супольнасці за мяжой, і шляхі ўмацавання культурніцкага ўдзелу, актыўнасці моладзі і супрацоўніцтва паміж беларускімі і брытанскімі партнёрамі.

    Асаблівая ўвага была нададзеная інфармацыйнаму асяроддзю вакол Беларусі, у тым ліку працы незалежных СМІ, што дзейнічаюць у выгнанні, распаўсюджванню прапаганды і дэзынфармацыі рэжыму, а таксама стратэгіям падтрымкі ўстойлівай журналістыкі і процідзеяння варожым наратывам. Прадстаўнікі незалежных СМІ таксама прадэманстравалі свой уплыў на аўдыторыю ў Беларусі, адзначыўшы, што 70% аўдыторыі СМІ ў выгнанні знаходзіцца ўнутры краіны.

    Гэта ўжо другія кансультацыі паміж FCDO і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Папярэднія кансультацыі адбыліся 21 сакавіка 2025 года ў Лондане.

    Удзельнікі з беларускага боку:

    • Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай;
    • Леанід Марозаў, Офіс Святланы Ціханоўскай;
    • Ірына Маклейн, Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК;
    • Ірэна Кацяловіч, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні АПК;
    • Марыя А., Беларуская Рада культуры;
    • Уладзімір Кобец, iSANS;
    • Матвей Купрэйчык, BelPol;
    • Ганна Любакова, Atlantic Council;
    • Аліна Коўшык, Belsat TV;
    • Мікалай Пачкаеў, Асацыяцыя беларусаў у Вялікабрытаніі; 
    • Алена Карасцялёва, Інстытут глабальнага ўстойлівага развіцця;
    • Аляксандра Пушкіна, Zerkalo.

     

    Апошнія навіны