Падчас візіту ў Рым Святлана Ціханоўская сустрэлася з групай сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Італіі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі геапалітычную сітуацыю, працэс вызвалення палітвязняў, ролю рэжыму ў вайне супраць Украіны, супрацу з Італіяй, а таксама адносіны з Украінай.
Ціханоўская распавяла пра прыярытэты дэмакратычных сілаў, працу Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, а таксама актыўную працу беларускай дыяспары ў Італіі.
Ціханоўская адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі можа змяняцца, у тым ліку пад уплывам падзеяў ва Украіне, і чым мацнейшай будзе Украіна — тым больш шанцаў на перамены ў Беларусі.
Абмеркавалі праблемы беларусаў у Італіі, візы, неабходнасць развіваць грамадскае і культурніцкае супрацоўніцтва, а таксама супрацоўніцтва на парламенцкім узроўні.
Ціханоўская падзякавала дэпутацкай групе «За дэмакратычную Беларусь» за правядзенне і высокі ўзровень арганізацыі найбуйнейшай парламенцкай сустрэчы ў сакавіку мінулага года, вынікам якога стала падпісанне Рымскага мемарандума.
Абмеркавалі пытанні санкцыяў і працэс вызвалення палітвязняў. Ціханоўская сказала, што вызваленні сталі магчымыя дзякуючы бліскучай дыпламатыі ЗША, але і ціску з боку Еўрапейскага Саюза і Італіі, якія высока трымаюць пытанні рэпрэсіяў на парадку дня. Беларуская лідарка запрасіла дэпутатаў далучыцца да мерапрыемстваў з нагоды Дня Волі і Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка.
Святлана Ціханоўская:
«Я дзякую італьянскім дэпутатам за шчырую размову, і за гатоўнасць дапамагаць. Дзякуй за тое, што гаворыце пра нашых палітвязняў, пра тое, што Беларусь — Еўропа, пра тое, што вайна павінна быць спыненая, і канешне — дзякуй за падтрымку Украіны. Мы, як дэмакратычныя сілы, — працягваем працу, захоўваем адзінства, будуем альянсы. Мы разумеем, што змены ў Беларусі — наша задача, але ў любой справе патрэбна мець саюзнікаў, і я рада, што тут у італьянскім парламенце ў нас столькі сяброў. Нашая мэта — свабодная незалежная Беларусь, каб рэпрэсіі скончыліся, і ўсе маглі бяспечна вярнуцца дадому».
