ЗВАРОТ ДА ДНЯ ПЕРАМОГІ
Да 80-ай гадавіны Перамогі Святлана Ціханоўская вярнулася да беларусаў і беларусак з важнымі словамі пра вайну, мір і адказнасць перад гісторыяй: «Я бачу, як сёння ў Беларусі спрабуюць ператварыць гэтую дату ў яшчэ адно шоу — гучныя лозунгі, ваенная тэхніка. Але мір не нараджаецца ў маршах. Мір — у нашай памяці, у спачуванні, у клопаце пра блізкіх і адно аднаго».
ВІЗІТ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ У ЗША
Першы тыдзень траўня Святлана Ціханоўская наведвала ЗША. Святлана Ціханоўская выступіла на Форуме па бяспецы ў Седоне (Арызона), Hudson Institute і International Republican Institute у Вашынгтоне, сустрэлася з 43-м Прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам у Даласе, узяла ўдзел у сустрэчы лідараў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з удзелам віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй-Дзі Вэнса. Таксама кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета правяла шэраг сустрэчаў з кангрэсменамі і сенатарамі, з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента, у тым ліку з намеснікам памочніка дзяржсакратара Крысам Смітам, які курыруе напрамак Беларусі, і з беларускай дыяспарай. Гэта быў першы візіт і першыя сустрэчы з прадстаўнікамі новай адміністрацыі ЗША. Фотарэпартаж.
ВІЗІТ У РЫГУ
9 траўня Святлана Ціханоўская наведала Рыгу, дзе сустрэлася са спікеркай парламента Латвіі Дайгай Міерыняй, групай «За дэмакратычную Беларусь», прадстаўнікамі МЗС. Святлана Ціханоўская адкрыла выставу «Мастацтва з-за кратаў», арганізаваную асацыяцыяй беларусаў Латвіі «Суполка» і Праваабарончым цэнтрам «Вясна», а таксама канферэнцыю «Роля Беларусі ў палітычнай архітэктуры і архітэктуры бяспекі Еўропы: перспектывы Балтыйскага рэгіёна», арганізаванай латвійскім МЗС. Беларуская лідарка выступіла на пленарным пасяджэнні Балтыйскай асамблеі.
МЗС Латвіі абвясціла, што далучаецца да Міжнароднага гуманітарнага фонду і выдзяляе дадаткова 30 тысяч еўра на дапамогу рэпрэсаваным. Гэта прамая дапамога на рэабілітацыю, лячэнне і іншыя патрэбы былым палітвязням, іх сем’ям і рэпрэсаваным. Падчас візіту абмяркоўваліся кампаніі падтрымкі палітвязняў і падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве Парламента Латвіі і беларускіх дэмакратычных сілаў.
ВЫЗВАЛЕННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
7 траўня стала вядома пра вызваленне 42 беларускіх палітвязняў, у тым ліку людзей з інваліднасцю, хранічнымі хваробамі і непаўналетнімі дзецьмі. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што гэта стала магчымым дзякуючы салідарнасці і падтрымцы з боку грамадзянскай супольнасці і міжнародных партнёраў. Падрабязней пра працэс перамоваў і вызвалення распавёў дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў у інтэрв’ю, дзе ён адзначыў важнасць міжнароднага ціску і ролю праваабаронцаў у вызваленні палітзняволеных.
ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ
21 траўня Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў і міжнародную супольнасць далучыцца да міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі. У гэты дзень 4 гады таму ў калоніі загінуў несправядліва асуджаны Вітольд Ашурак.
IV КАНФЕРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСАК СВЕТУ
23–25 траўня ў Варшаве пройдзе ўжо чацвёртая Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Гэта магчымасць для прадстаўнікоў і прадстаўніц арганізацыяў, ініцыятываў і дыяспары, якія знаходзяцца за межамі краіны, сустрэцца афлайн, абмеркаваць актуальныя пытанні і разам будаваць будучыню.
Праграма мерапрыемства.
Спасылка на рэгістрацыю.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ БАРАЦЬБЫ ЗА ПРАВЫ ІНВАЛІДАЎ
5 траўня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў. Ціханоўская: «У Беларусі жыве больш за 560 тысячаў людзей з інваліднасцю. Але праблемы гэтых людзей часта застаюцца нябачнымі. Бар’еры існуюць не толькі на вуліцах — яны прысутнічаюць у законах, у адукацыі, у медыцынскай сістэме, на рынку працы».
СЦЭНАРЫ РАЗВІЦЦЯ ПАДЗЕЙ У РЭГІЁНЕ
У сувязі з вайной Расіі супраць Украіны і нестабільнасцю ў рэгіёне будучыня Беларусі застаецца залежнай не толькі ад унутраных, але і ад шэрагу знешніх фактараў. Эксперты Офіса Святланы Ціханоўскай прапануюць шэраг магчымых сцэнарыяў развіцця сітуацыі ў рэгіёне і ўнутры Беларусі, каб дапамагчы зразумець патэнцыйныя рызыкі, выклікі і магчымасці для краіны ў цяперашняй складанай геапалітычнай рэчаіснасці.
СПЕЦЫЯЛЬНЫ ДАКЛАДЧЫК ААН ПА БЕЛАРУСІ
Рада па правах чалавека ААН прыняла рэзалюцыю, якой падоўжыла дзеянне мандата Спецыяльнага дакладчыка і групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Падаўжэнне мандатаў — гэта не толькі акт міжнароднай салідарнасці, але і важны крок на шляху да аднаўлення справядлівасці, вяршэнства права і павагі да правоў чалавека ў Беларусі.
АБРАННЕ НОВАГА ПАПЫ
Святлана Ціханоўская павіншавала новаабранага Папу Льва XIV з пачаткам яго пантыфікату. У звароце яна падкрэсліла ролю Каталіцкага Касцёла ў абароне чалавечай годнасці і падтрымцы тых, хто змагаецца за мір, справядлівасць і свабоду.
СУВЯЗЬ З ОФІСАМ
З-за павышаных рызыкаў Офіс пераходзіць на новы канал сувязі — Telegram-акаўнт @askoffice_15. Гэта не бот, а паведамленні аўтаматычна выдаляюцца праз 24 гадзіны.
ЯК БЕЛАРУСЫ ЎСПРЫМАЮЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ СТРУКТУРЫ?
Цэнтр Новых Ідэй правёў даследаванне прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства. У фокусе ўвагі — стаўленне да беларускіх дэмакратычных палітыкаў, палітычных структураў і грамадзянскіх ініцыятываў. Падрабязнасці — па спасылцы.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Салідарнасць (Беларусь), CNN (Міжнароднае), MSNBC Morning Joe (ЗША, міжнароднае), TVN24 (Польшча), ABC (Аўстралія), The Dallas Morning News (ЗША), Gazeta Rzeczpospolita (Польшча), TVP World (Польшча), NEXTA, La Presse (Італія).