Падчас візіту ў Вашынгтон, беларуская лідарка правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Кангрэса ЗША, Дзярждэпартамента і аналітычных цэнтраў. Гэта быў першы візіт і першыя сустрэчы з прадстаўнікамі новай адміністрацыі ЗША.
Мэты візіту — умацаванне двухбаковага Стратэгічнага дыялогу, абмеркаванне наступных крокаў па вызваленні палітвязняў, аднаўленне Belarus Democracy Act, аднаўленне падтрымкі для незалежных медыя і Радыё Свабода, прызначэнне спецпасланніка па Беларусі.
У Кангрэсе Ціханоўская сустрэлася з:
Кангрэсменамі Крысам Смітам, Джо Уілсанам, Марыё Дыяс-Балартам, Чакам Эдвардсам,
сенатарамі Дэнам Саліванам, Рыкам Скотам, Джын Шахін, Дзікам Дурбінам і Роджэрам Уікерам. Таксама адбыліся брыфінгі з дарадцамі па нацыянальнай бяспецы і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі, у тым ліку блізкіх да прэзідэнта Дональда Трампа.
Пра што дамовіліся падчас сустрэчаў?
– ініцыяванне слуханняў па Беларусі;
– падача на разгляд абноўленага Belarus Democracy Act;
– уключэнне рэпрэсіяў супраць вернікаў у дакументы Кангрэсу.
Асобна была праведзеная сустрэча з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента, у тым ліку з намеснікам памочніка дзяржсакратара Крысам Смітам і адказнымі за напрамак правоў чалавека і рэлігійнай свабоды.
Было абмеркавана:
– прызначэнне спецпасланніка па Беларусі;
– актывізацыя гуманітарных і палітычных намаганняў па вызваленні палітвязняў;
– падрыхтоўка новага пакета падтрымкі грамадзянскай супольнасці і беларускіх СМІ.
Ціханоўская падзякавала адміністрацыі за намаганні, якія прывялі да вызвалення Юрася Зянковіча, журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузнечыка, і Алёны Маўшук.
«Апошняе вызваленне палітвязняў — гэта вынік міжнароднага ціску, і ЗША адыгралі ключавую ролю», — адзначыла Ціханоўская.
Акрамя гэтага, лідарка прыняла ўдзел у:
– сустрэчы лідараў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з удзелам віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй-Дзі Вэнса;
– выступы ў Hudson Institute і International Republican Institute (падчас дыскусіі пра закрытыя рэжымы: Беларусь, Венесуэла, КНДР).
Таксама Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Вашынгтона, уручыла ўзнагароды — медалі Скарыны і медалі «За адданую працу» актыўным сябрам супольнасці, якія працягваюць падтрымліваць палітвязняў, журналістаў і рух у выгнанні.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла: «Беларусь павінна быць часткай стратэгіі ЗША ў рэгіёне. Без вольнай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе».