Святлана Ціханоўская працягвае свой працоўны візіт у Рыгу. Пасля адкрыцця выставы «Мастацтва з-за кратаў», беларуская лідарка прыняла ўдзел ў адкрыцці івэнту «Роля Беларусі ў палітычнай архітэктуры і архітэктуры бяспекі Еўропы: перспектывы Балтыйскага рэгіёна», якое арганізаваў латвійскі інстытут міжнародных адносінаў і МЗС Латвіі ў Рызе.
Пра што казала Ціханоўская падчас выступу:
- Сённяшнія парады ў Мінску і Маскве — гэта не свята міру, гэта спробы апраўдаць вайну
«Сёння, 9 траўня, мы ўспамінаем ахвяраў Другой сусветнай вайны. Калісьці гэты дзень азнаменаваў перамогу над злом — цяпер ён выкарыстоўваецца для апраўдання самога зла. У Мінску і Маскве мы ўбачым ваенныя парады і прапагандысцкія шоу. Але нельга падманвацца. Гэта не святкаванне міру. Гэта кампаніі па апраўданні жорсткай агрэсіўнай вайны». - Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Беларусь застанецца стартавай пляцоўкай для расійскай агрэсіі
«Расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі, уключаючы іх ядзерную зброю. Мы не павінны дапусціць новай Ялты, дзе лёсы краінаў вырашаюцца за іх спінай». - Толькі ў Еўропе — не ў «рускім свеце» — мы можам захаваць нашую мову, ідэнтычнасць і будучыню
«У 2020 годзе беларусы прагаласавалі за перамены. Яны прагаласавалі за Еўропу. Нягледзячы на тэрор, гэтае жаданне не змянілася. Як толькі Беларусь верне сабе поўны суверэнітэт, мы пачнём працэс еўрапейскай інтэграцыі — як гэта зрабілі латышы два дзесяцігоддзі таму».
Мерапрыемства было арганізаванае латвійскім інстытутам міжнародных адносінаў і Міністэрствам замежных справаў Латвіі ў рамках праекта «Беларуская даследчая сетка па палітыцы суседства».