Святлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Балтыйскай асамблеі ў Рызе, дзе сабраліся парламентарый з больш чым 15 краінаў. У выступе беларуская лідарка падкрэсліла, што толькі дэмакратычная Беларусь можа стаць надзейным партнёрам для Еўропы і гарантам бяспекі ў рэгіёне.
Што адзначыла лідарка падчас выступу:
- Беларусь — частка Еўропы, а не «рускага свету»
«Сёння мы святкуем Дзень Еўропы, і я хачу нагадаць: Беларусь была, ёсць і будзе часткай Еўропы. Мы, беларусы, належым да Еўропы — паводле нашай гісторыі, традыцыяў і надзеяў. Сёння мы святкуем Еўропу, якая для нас — маяк дэмакратыі і дабрабыту. Мы святкуем моцную Еўропу, незалежную Еўропу, дэмакратычную Еўропу. Для нас, беларусаў, Еўропа — гэта наш лёс і нашая будучыня».
- Пра магчымасць міру
«Я веру, што ніякі стабільны мір немагчымы, пакуль Беларусь застаецца пад тыраніяй Лукашэнкі і кантролем Расіі. Толькі дэмакратычная Беларусь можа стаць надзейным партнёрам для Еўропы і гарантыяй бяспекі ў нашым рэгіёне».
- Пра салідарнасць і ўзаемападтрымку
«Разглядайце вашую падтрымку Беларусі не як дабрачыннасць, а як інвестыцыю ва ўласную бяспеку. Бо ваенная сіла недастатковая без людзей, гатовых абараняць сваю свабоду».