Падчас візіту ў Вашынгтон лідарка сустрэлася з беларускай дыяспарай і ўручыла ўзнагароды Аб’яднанага Пераходнага Кабінета выбітным суайчыннікам. Таксама ў цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх суполак, ініцыятываў, дыпламаты і прадстаўнікі дзярждэпартамента ЗША.
Святлана Ціханоўская адзначыла ўнёсак удзельнікаў беларускай дыяспары ў Вашынгтоне:
«Я вельмі радая і ўдзячная, што магу быць сёння сярод вас. Што магу сустрэцца тут, у Вашынгтоне, не толькі з амерыканскімі сенатарамі і кангрэсменамі, але і з маімі дарагімі беларускамі і беларусамі. Калі сустрэчы з палітыкамі — гэта перадусім праца дзеля будучай Беларусі, то з вамі — адпачынак для душы. Дзякуй вам за гэтую магчымасць!
Як і многія іншыя, я вымушана апынулася ў выгнанні разам з дзецьмі. Я добра ведаю, што эміграцыя — няпросты лёс. Нават для тых, хто прыехаў у новую краіну ў раннім узросце, разам з бацькамі. Але тым больш важна ў чужыне не забываць пра свае карані.
З сённяшніх лаўрэатаў хтосьці нарадзіўся ў эмігранцкай сям’і, хтосьці з’ехаў яшчэ ў 90-х, пасля прыходу да ўлады дыктатуры, а хтосьці, як і большасць з нас — пасля 2020-га года. І тым не менш, усе яны па-ранейшаму жывуць Беларуссю, беларушчынай, робяць усё дзеля таго, каб нашая радзіма была дэмакратычнай і незалежнай».