9 траўня Святлана Ціханоўская наведала Латвію. У межах візіту беларуская лідарка сустрэлася са спікеркай парламента, Міністэрствам замежных справаў і выступіла на івэнце «Роля Беларусі ў палітычнай архітэктуры і архітэктуры бяспекі Еўропы: перспектывы Балтыйскага рэгіёна».
Міністэрства замежных справаў Латвіі абвясціла, што далучаецца да Міжнароднага гуманітарнага фонду і выдзяляе дадаткова 30 тысяч еўра на дапамогу рэпрэсаваным. Гэта прамая дапамога на рэабілітацыю, лячэнне і іншыя патрэбы былым палітвязням, іх сем’ям і рэпрэсаваным.
Падчас візіту Ціханоўская сустрэлася са спікеркай парламента Латвіі Дайгай Міерыняй і групай «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце. Ціханоўская прапанавала спікерцы падпісаць мемарандум аб супрацы паміж Сеймам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Бакі таксама абмеркавалі кампанію падтрымкі палітвязняў. Ціханоўская запрасіла далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі 21 траўня. Яна падзякавала за праграму стажыровак для беларускіх актывістаў у Сейме. На гэтым тыдні першыя прадстаўнікі праходзяць стажыроўку ў латвійскім парламенце.
Ціханоўская падзякавала за выключэнні для беларусаў у законе аб абмежаваннях на аўтамабілі з беларускімі нумарамі і папрасіла зрабіць аналагічныя выключэнні ў новым законапраекце, які абмяжоўвае магчымасць набыцця нерухомасці грамадзянамі Беларусі ў Латвіі.
Разам са спікеркай парламента Ціханоўская ўзяла ўдзел у святкаванні Дня Еўропы — даты, калі ў 1950 годзе быў закладзены падмурак стварэння Еўрапейскага саюза.
З віцэ-спікеркай парламента Антанінай Нянашавай Ціханоўская адкрыла выставу малюнкаў беларускіх палітвязняў у памяшканні латвійскага парламента, падрыхтаваную Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і асацыяцыяй беларусаў Латвіі «Суполка». На выставе прадстаўлены малюнкі палітвязняў Алеся Пушкіна, Паўла Севярынца, Руслана Слуцкага, зробленыя ў зняволенні. У сваім выступе Ціханоўская заклікала дэпутатаў браць патранаж над беларускімі палітвязнямі і актыўна змагацца за іх вызваленне.
У Міністэрстве замежных справаў Латвіі Ціханоўская адкрыла івэнт «Роля Беларусі ў палітычнай архітэктуры і архітэктуры бяспекі Еўропы: перспектывы Балтыйскага рэгіёна», дзе разам з экспертамі з Латвіі, Польшчы і Беларусі абмяркоўваліся выклікі бяспекі і шляхі падтрымкі дэмакратычных перамен.
Акрамя таго, беларуская лідарка выступіла на пленарным пасяджэнні Балтыйскай асамблеі, дзе заклікала да актыўнай салідарнасці з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі сіламі.
Візіт завяршыўся сустрэчай з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Латвіі і інтэрв’ю мясцовым і міжнародным СМІ.