КАНФЕРЭНЦЫЯ НОВАЯ БЕЛАРУСЬ
9–10 жніўня ў Варшаве прайшла чацвёртая канферэнцыя «Новая Беларусь», арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. Канферэнцыя сабрала больш за 400 прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацыяў і палітычных структураў, палітыкаў, дыпламатаў, экспертаў, актывістаў і журналістаў. Канферэнцыя падкрэсліла еднасць дэмакратычных сілаў, і абазначыла стратэгічныя прыярытэты іх працы&
Ціханоўская абвясціла новыя прызначэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, у тым ліку прадстаўнікоў па эканоміцы і фінансах, па нацыянальным адраджэнні, новую кіраўніцу місіі ў Кіеве. Было абвешчана пра стварэнне цэнтру Беларускай супольнасці ў Фларэнцыі і місіі ў Мадрыдзе. А таксама Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды тым, хто зрабіў значны ўнёсак у беларускую справу.
Па выніках Канферэнцыі былі прынятыя наступныя рэзалюцыі: Палітычная рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі, Вызваленне палітзняволеных без новых ахвяраў, Па пытаннях бяспекі Беларусі, Аб дасягненні справядлівасці ў Беларусі, Аб недапушчальнасці парушэння свабоды сумлення і веравызнання ў Беларусі, Аб супрацьдзеянні гібрыднай агрэсіі з боку Расіі, Дэкларацыя ў падтрымку нацыянальнай ідэнтычнасці, Еўрапейскі выбар Беларусі і падрыхтоўка дарожнай карты інтэграцыі ў ЕС, Праект рэзалюцыі аб ролі моладзі ў змаганні з аўтарытарызмам.
На канферэнцыі былі прэзентаваныя новыя сацыялагічныя дадзеныя, падрыхтаваныя Цэнтрам Новых Ідэй і Генадзем Коршунавым.
Прамовы Ціханоўскай на адкрыцці і закрыцці Канферэнцыі.
Фотарэпартаж.
ПЯТАЯ ГАДАВІНА ПРАТЭСТАЎ
9 жніўня ў 26 гарадах свету прайшлі акцыі салідарнасці ў гонар пятай гадавіны пачатку пратэстаў у Беларусі. Напярэдадні Ціханоўская звярнулася з прамовай, у якой распавяла як салідарнасць стала неад’емным складнікам супольнасці, як кожны можа дапамагаць — нават простымі дзеяннямі.
Сама ж Ціханоўская разам з мужам далучыліся да Маршу Свабоды ў Варшаве, адным з суарганізатарам якога быў Офіс Святланы Ціханоўскай. На ім беларуская лідарка выступіла з прамовай, дзе выказала беларусам словы падзякі і гонару. Таксама лідарка заклікала быць гатовымі да адкрыцця новага акна магчымасцяў і захоўваць адзінства для свабоднай і незалежнай Беларусі. Пасля мерапрыемстваў Ціханоўская падзякавала беларусам за актыўнасць і еднасць падчас акцыяў салідарнасці.
Фотарэпартаж з Варшавы.
Дарадца Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі выступіў на Дне салідарнасці з Беларуссю ў Гданьску.
Беларусаў у пятую гадавіну выбараў падтрымалі кіраўнікі дзяржаваў і вядучыя сусветныя палітыкі, міністэрствы замежных справаў шэрагу краінаў і еўрапейскія інстытуцыі. У прыватнасці са словамі падтрымкі беларусам звярнулася прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула Фон Дэр Ляен, Вярхоўная прадстаўніца ЕС Кая Калас, міністры замежных справаў Эстоніі, Латвіі, Швецыі і многіх іншых краінаў.
ЗВАНОК З МАРТАЙ КОС
Напярэдадні пятай гадавіны пратэстаў у Беларусі, Камісарка па пашырэнні Еўрапейскай камісіі правяла званок са Святланай і Сяргеем Ціханоўскімі. Падчас размовы Кос яшчэ раз падкрэсліла нязменную падтрымку дэмакратычных сілаў. Еўрасаюз працягне дапамогу для Незалежных медыя, праваабаронцаў Беларусі, рэпрэсаваных, грамадзянскай супольнасці.
СЛУХАННІ КАБІНЕТА Ў КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЗЕ
7–8 жніўня ў Каардынацыйнай радзе адбыліся слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета, на якіх таксама выступіла Святлана Ціханоўская. Прадстаўнікі кабінета аддалі справаздачу за год працы. Па выніках слуханняў большасцю галасоў была ўхваленая праца ўсіх прадстаўнікоў, і ўсе яны працягнуць працу.
Фотарэпартаж.
ПЕРАХОД ДА НОВАЙ БЕЛАРУСІ
Дэмакратычныя сілы прадставілі комплексную Стратэгію пераходу да Новай Беларусі і праекты ключавых законаў, якія стануць асновай пераўтварэнняў краіны пасля транзіту ўлады.
ВЫНІКІ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ЗА ПЯЦЬ ГАДОЎ
Напярэдадні пятай гадавіны пратэстаў, дэмакратычныя сілы падвялі вынікі працы па асноўным напрамках: юрыдычным, міжнародным і працай з моладдзю.
ЖАНОЧЫ СНЯДАНАК З ЦІХАНОЎСКАЙ
10 жніўня ў Варшаве прайшоў жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай — мерапрыемства для беларускіх жанчын, якія бяруць актыўны ўдзел у грамадска-палітычных працэсах. Былі абмеркаваныя роля жанчын у палітыцы, эканамічныя і сацыяльныя выклікі, фемінізм і сумесная праца для будучай Беларусі.
Мерапрыемства арганізаванае Офісам Святланы Ціханоўскай і Офісам дэмакратычных сілаў у Чэшскай Рэспубліцы.
Фотарэпартаж.
ЦІХАНОЎСКАЯ Ў ЭФІРЫ ЛІТОЎСКАГА РЫДЫЁ
Ціханоўская выйшла ў жывы эфір літоўскага радыё, дзе адказала на пытанні слухачоў — як падчас званкоў, так і накіраваныя загадзя. Абмяркоўваліся тэмы становішча беларусаў у Літве, дыскусіі вакол літвінізму, роля літоўскай мовы і планы дэмакратычных сілаў.
ВЯРБОЎКА БЕЛАРУСАЎ ЗА МЯЖОЙ
Па даных Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы, КДБ Беларусі актывізаваў вярбоўку грамадзянаў Беларусі за мяжой: у Літве, Польшчы, Грузіі і іншых краінах. Праз сацыяльныя сеткі і месэнджары ў абмен на інфармацыю прапануюцца грошы, пашпарты, магчымасць бяспечна вярнуцца на Радзіму. Пры адмове людзі сутыкаюцца з пагрозамі і ціскам у свой адрас, а таксама ў адрас блізкіх, што жывуць у Беларусі.
Офіс Святланы Ціханоўскай даў практычныя парады, як рэагаваць, калі вы сутыкнуліся са спробай вярбоўкі з боку рэжымных сілаў за межамі краіны.
ВІНШАВАННЕ КАРАЛЯ НАЎРОЦКАГА З УСТУПЛЕННЕМ У ПАСАДУ ПРЭЗІДЭНТА
Святлана Ціханоўская павіншавала Караля Наўроцкага з уступленнем на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Польшча.
ВЫСТАВА, ПРЫСВЕЧАНАЯ АЛЕСЮ ПУШКІНУ
6 жніўня беларускаму мастаку і палітвязню магло б споўніцца 60 гадоў, але два гады таму ён быў закатаваны ў засценках турмы. Святлана Ціханоўская: «Мастак пакінуў пасля сябе жывую творчую спадчыну і прысутнасць, якая глыбока адгукаецца ў нашай культурнай памяці».
У дворыку Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава «Застацца/Zostać», прысвечаная памяці Алеся і тым каштоўнасцям, якія ён нёс праз сваё мастацтва.
ПАРЛАМЕНЦКАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька сустрэўся са спецдакладчыкам ПАРЕ па Беларусі Рышардам Пяру. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі планы на будучы палітычны сезон і 2026 год: уключэнне беларускай тэмы ў парадак дня Асамблеі, правядзенне сумеснага з польскім Сеймам форуму па легалізацыі, мабільнасці, палітвязнях, адукацыі і бяспецы.
Таксама Анатоль Лябедзька сустрэўся з намеснікам старшыні фракцыі «Дзеля Літвы» ў Сейме Літвы Томасам Тамілінасам. Абмеркавалі канферэнцыю па Беларусі ў 2027 годзе падчас старшынства Літвы ў ЕС, інтэграцыю беларусаў у Літве, выставу да дня народзінаў Алеся Бяляцкага і актывізацыю працы дэпутатаў-хросных.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю БелСАТ (Беларусь), «Обычное утро» (Беларусь), Зеркало (Беларусь), Foreign Affairs (Міжнароднае), LRT (Літва), Libération (Францыя), Le Devoir (французска-канадская газета), Polskie Radio 24 (Польшча), PAP (Польшча), BBC русская служба, RFI — Radio France (Францыя), Позірк (Беларусь, руская версія), Зеркало (Беларусь), «Наша нiва» (Беларусь).