• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на Канферэнцыі «Новая Беларусь 2025»

    09 жніўня, 2025

    Дарагія беларускі і беларусы, 

    удзельнікі і ўдзельніцы канферэнцыі!

    Dear Excellencies, and all international friends,

    Салідарнасць і эмпатыя. Адвага і дысцыпліна. Самаарганізацыя і крэатыў. Гэта тыя словы, якімі б я апісала 2020 год.

    Пяць гадоў таму Беларусь змянілася. Раз і назаўжды. Я не скажу, што мы сталі іншымі — але ў нас прачнуліся тыя якасці, якіх раней мы за сабой не заўважалі.

    Так, мы пабачылі як нас шмат, якія мы розныя, і якія мы крутыя. Згадайце Машу, згадайце Ніну Багінскую, дыджэяў перамен, жанчын з кветкамі і маршы пенсіянераў. Згадайце тыя смелыя дваровыя маршы, і гіганцкія 50-метровыя сцягі на будынках шматпавярховікаў.

    Купалаўцаў на абароне свайго тэатру. Журналістаў тэлебачання, якія дружна пакінулі будынак і далучыліся да пратэсту. І той момант а-ля-Чаўшэску — калі завадчане абсвісталі Лукашэнку. І твары разгубленых сілавікоў — якія не ведалі, як рэагаваць.

    Той год асабіста ўва мне адгукаецца бурай эмоцыяў. Ад разгубленасці і жаху — праз тэрор і рэакцыю ўладаў — да неймавернага натхнення і радасці, і гонару — за нашых цудоўных людзей.

    Гэта гонар за кожнага з вас. Мы разам прайшлі гэтыя пяць гадоў, і мы працягваем ісці далей.

    Сёння мы адзначаем 5 год ад пачатку нашай мірнай рэвалюцыі. І гэтая рэвалюцыя яшчэ не скончаная. Пакуль мы разам і пакуль мы працягваем барацьбу — мы не прайгралі.

    І я не разумею людзей, якія прапануюць адмовіцца ад 2020-га, перагарнуць старонку… Гэта той год, калі мы, беларусы, адчулі сябе нацыяй. І тая сіла, энергія, тыя эмоцыі рухаюць нас наперад сёння.

    Так, на дварэ не 2020-ы. Ужо 2025-ы. Іншы год. Іншы час. Але ці іншыя мы? Ці адмовіліся мы ад сваіх мэтаў? Прынцыпаў і каштоўнасцяў? Я думаю, што не.

    Кантэкст нашай з вамі барацьбы змяніўся. Развязаная вайна і тэрор. Беларусь пакалечаная, ізаляваная, у закладніках Расіі. 

    І гэтая новая рэальнасць прымушае нас думаць па-іншаму. І дзейнічаць па-новаму. Бо ніхто за нас перамены ў Беларусі не зробіць.

    Безумоўна, не ўсё цяпер залежыць ад нас: многае — ад Украіны і яе сілы супраціўляцца. І наша задача, наш абавязак — зрабіць цяпер усё, каб Украіну падтрымаць. 

    І магчымае перамір’е па Украіне, якое абмяркоўваецца ў бліжэйшыя тыдні, — адкрые акно магчымасцяў і для Беларусі. І нам трэба быць да гэтага гатовымі. 

    Гэта тое, дзеля чаго мы сабраліся сёння тут. 

    Канешне, спачатку трэба і парэфлексаваць: абмеркаваць памылкі, зробленае ці недаробленае за 5 год. Можна нават пашукаць вінаватых. Ці панастальжыраваць…

    Але ў першую чаргу — давайце сёння сфакусуемся на тым — што рабіць далей. Новы час патрабуе новых формаў барацьбы. Новых ідэяў. 

    Як дамагчыся вызвалення палітвязняў? Як вывесці Беларусь з вайны і захаваць незалежнасць? Як умацаваць наш рух, нашу суб’ектнасць, нашу супольнасць у свеце? Як падтрымаць тых, хто працягвае барацьбу ўнутры краіны? Як аслабіць рэжым і прыцягнуць яго да адказнасці? 

    І магчыма галоўнае, як захаваць і аднавіць тую энергію — энергію 2020-га. 

    Хай сёння кожны і кожная спытае ў сябе: а што я раблю для новай Беларусі? Ці магу я рабіць гэта лепей? І што мы можам рабіць разам?

    Дарагія сябры, 

    Мы яшчэ не перамаглі, але і не прайгралі. І тая ўвага да нашай канферэнцыі, ад лукашэнкаўскіх спецслужбаў і расійскіх прапагандыстаў даказвае ў чарговы раз, як мы ім замінаем. 

    І рэжым памыляецца, калі думае, што нас запалохае і прымусіць нас капітуляваць. Не дачакаюцца! Мы працягнем працу, пакуль не даб’ёмся сваіх мэтаў. 

    Паглядзіце, як нас сёння шмат. Якія мы розныя. Я ўдзячная кожнаму з вас, што не апускаеце рук. Я радая бачыць усіх сяброў і паплечнікаў — з Кабінета, Каардынацыйнай рады, народных амбасадаў і цудоўных дыяспараў, Кіберпартызанаў і Белпола, Рады Культуры і фондаў салідарнасці.

    Журналістаў і праваабаронцаў. Дзеячаў культуры. Валанцёраў. Дарагога Паўла Паўлавіча — галоўнага нашага падпальшчыка. 

    Вітаю таксама ўсіх былых палітвязняў, якія прайшлі праз пекла і вярнуліся да барацьбы — змагацца за вызваленне ўсіх, хто застаецца ў засценках. Сёння ў мяне на папцы, дзе раней быў Сяргей — Ірына Такарчук, мама Вольгі, асуджаная за тое, што збірала пасылкі для іншых палітвязняў. Мы змагаемся за яе вызваленне таксама.

    Я хачу прывітаць і больш за 40 замежных гасцей. 

    Dear diplomats, ambassadors, special envoys, and partners — thank you for standing with us through all these years. We will never forget your solidarity. 

    Deepest gratitude goes to Poland, alongside Lithuania, for opening your doors and hearts to hundreds of thousands of Belarusians. Thanks to all representatives of the European Union. As you know, for us, the EU is not just a partner — it is our destination.

    And of course, thanks to the American delegation — for all your efforts to release political prisoners, including my husband, Siarhei — whom I am so happy to see here today, after five long years, standing nearby. 

    Дарагія мае, 

    Сёння мы пройдзем маршам па Варшаве, і правядзём акцыі салідарнасці ў 18-ці краінах свету.

    Згадаем нашых герояў, хто загінуў на пратэстах і ў турмах, у баях за Украіну. 

    Асабіста я з нецярплівасцю чакаю сесію дэбатаў. Найлепшыя ідэі нараджаюцца ў спрэчках. 

    Пад канец канферэнцыі мы абвясцім пра запуск новых кампаній. Зробім прызначэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце і замежных місіях. Апублікуем 6 выніковых дакументаў нашай канферэнцыі — і абазначым прыярытэты дэмакратычных сілаў на наступны год.

    Мы моцныя — таму што мы розныя. І так, у нас могуць адрознівацца пазіцыі, гэта нармальна. 

    Галоўнае, што нас аб’ядноўвае адна мэта, да якой мы ідзём — свабодная, незалежная, еўрапейская Беларусь.

    Плённай нам усім працы!

    Жыве Беларусь!

    Апошнія навіны