• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Міжнародны гуманітарны фонд для падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі: адказы на вашыя пытанні

    12 сакавіка, 2026

    Міжнародны гуманітарны фонд быў заснаваны паўтара года таму. За гэты час дзякуючы яму падтрымку атрымалі многія палітзняволеныя і іх сем’і. Сёння мы адказваем на ключавыя пытанні пра працу фонду.

    1️⃣ Што гэта за фонд? Дзе ён зарэгістраваны і хто ім кіруе?

    Міжнародны гуманітарны фонд быў створаны ў Нарвегіі па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай. Ён не мае ўласнай юрыдычнай асобы, але кіруецца Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам — буйной праваабарончай арганізацыяй, якая прымае і размяркоўвае грошы, каардынуе працу партнёрскіх арганізацыяў і кантралюе расходаванне сродкаў.

    Склад наглядальнай рады фонду ўключае прадстаўнікоў Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, беларускіх арганізацыяў і міжнародных партнёраў.

    2️⃣ Як працуе фонд?

    Фонд не прымае індывідуальных заявак. Фінансаванне прадастаўляецца праваабарончым і гуманітарным арганізацыям, якія працуюць з групамі людзей: сем’ямі палітзняволеных, вызваленымі зняволенымі і вымушанымі мігрантамі. Ужо гэтыя арганізацыі размяркоўваюць грошы на патрэбную дапамогу.

    Мэта такога падыходу — мінімізаваць адміністрацыйныя выдаткі і перадаваць дапамогу найбольш эфектыўна.

    3️⃣ Хто карыстаецца грашыма фонду?

    Разам з Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам у кіраванні фондам удзельнічаюць наступныя беларускія арганізацыі-партнёры:

    Сродкі ад МГФ атрымліваюць таксама іншыя арганізацыі — сярод іх BYSOL, Асацыяцыя палітвязняў Беларусі, прытулак для вызваленых палітзняволеных у Варшаве і не толькі.

    Справаздачы фонду можна прачытаць на яго сайце

    ❗ Офіс Святланы Ціханоўскай не атрымлівае сродкаў з МГФ і не ўдзельнічае ў іх размеркаванні, а толькі лабіруе далучэнне да фонду новых краінаў.

    4️⃣ Колькі сродкаў сабрана?

    Па апошніх даступных даных, фонд сабраў больш за 3,2 мільёна еўра. Да падтрымкі фонду далучыліся Нарвегія, Швецыя, Данія, Люксембург, Швейцарыя, Харватыя, Эстонія, Ісландыя, Іспанія, Фінляндыя, Латвія і Аўстрыя. Некаторыя краіны плануюць дадатковыя ўнёскі.

    Святлана Ціханоўская падчас працоўных сустрэчаў рэгулярна прапануе дзяржавам далучацца да фонду, каб дапамагчы рэпрэсаваным беларусам і беларускам.

    5️⃣ Куды ідуць грошы?

    Прыярытэт фонду — дапамога рэпрэсаваным унутры Беларусі. Гэта ўключае:

    • медыцынскую дапамогу;
    • матэрыяльную падтрымку;
    • псіхалагічную дапамогу;
    • рэабілітацыю асобаў, якія перажылі палітычныя рэпрэсіі.

    Фонд таксама падтрымлівае беларусаў і беларусак у вымушанай эміграцыі, у тым ліку дэпартаваных палітзняволеных. Напрыклад:

    • Пасля апошніх вызваленняў фонд забяспечыў пачатковыя выплаты кожнаму вызваленаму палітвязню ў памеры €1000.
    • Дзякуючы фонду было часткова аплачана часовае жыллё для вызваленых.
    • Фонд таксама забяспечыў сродкі для харчавання, набыцця адзення, абутку, медыкаментаў і закрыцця іншых базавых патрэбаў вызваленых.

    6️⃣ Ці можна падтрымаць фонд?

    Асноўная частка сродкаў паступае ад дзяржаваў‑донараў. Але таксама можна зрабіць ахвяраванне: грошы пойдуць на рахунак Нарвежскага Хельсінкскага камітэта.

    ⚠️ Такія ахвяраванні небяспечна рабіць з беларускіх картак або знаходзячыся ў Беларусі.

    Міжнародны гуманітарны фонд застаецца надзейным інструментам дапамогі беларусам і беларускам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў. Каманда Святланы Ціханоўскай працуе над тым, каб фонд меў дастатковыя рэсурсы для эфектыўнай дапамогі.

    Апошнія навіны