Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Мадрыдзе з міністрам замежных справаў Іспаніі Хасэ Мануэлем Альбарэсам. Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў падзякавала за запрашэнне ў Мадрыд, далучэнне Іспаніі да працы Міжнароднага гуманітарнага фонду для беларусаў і ўнёсак у памеры 50 тысяч еўра, а таксама за падтрымку Беларусі ў Еўрапейскай радзе, ААН і Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
Міністр Альбарэс запэўніў Ціханоўскую ў нязменнай падтрымцы Іспаніяй дэмакратычных сілаў і ўсіх намаганняў па ўмацаванні дэмакратыі і незалежнасці Беларусі.
Падчас сустрэчы была абмеркаваная сітуацыя ў Беларусі, у прыватнасці пашырэнне рэпрэсіяў, мілітарызацыя эканомікі і будучыя ваенныя вучэнні «Захад-2025». Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць далейшага ціску на рэжым з мэтай вызвалення палітвязняў і вываду Беларусі з вайны.
У МЗС былі перададзеныя прапановы па спрашчэнні легалізацыі для беларусаў у Іспаніі, у тым ліку прызнанні пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў і выдачы спецыяльных дакументаў, якія ўжо дзейнічаюць у шэрагу краінаў ЕС.
Таксама абмяркоўвалася адкрыццё місіі дэмакратычнай Беларусі ў Мадрыдзе, што паспрыяе ўмацаванню супрацоўніцтва паміж беларускай і іспанскай грамадзянскай супольнасцю.
Падчас візіту ў Мадрыд Ціханоўская сустрэлася з дзяржаўным сакратаром па пытаннях ЕС Фернанда Сампедра Маркасам, амбасадарамі краін ЕС, а таксама з дэпутатамі парламента, каб стварыць групу сяброў Беларусі ў іспанскім парламенце.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская падзякавала міністру Альбарэсу за яго рашучасць і паслядоўную падтрымку. «Хоць нас раздзяляе вялікая адлегласць, для Іспаніі пытанні правоў чалавека і дэмакратыі заўсёды былі прыярытэтнымі. Мы падзяляем адныя каштоўнасці, і я радая, што ў Еўрапейскім саюзе ў нас ёсць такія надзейныя саюзнікі», — адзначыла Ціханоўская.