Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вене з міністаркай замежных справаў Аўстрыі Беатэ Майнль-Райзінгер. Размова была прысвечаная сітуацыі ў Беларусі, рэгіянальнай бяспецы, а таксама падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці.
Асноўныя тэмы:
- Вызваленне палітвязняў і міжнародная адказнасць
Ціханоўская падкрэсліла, што вызваленне палітычных вязняў з’яўляецца прыярытэтам для дэмакратычных сілаў, гэтаксама як і дакументацыя злачынстваў рэжыму. Аўстрыя ўжо выдзеліла больш за 105 тысячаў еўра на працу беларускіх праваабаронцаў праз міжнародную платформу збору доказаў (International Accountability Platform for Belarus). Ціханоўская заклікала Аўстрыю падтрымаць ініцыятыву Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе.
- Падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ
Абмеркавалі механізмы падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, а таксама падрыхтоўку ацэнкі патрэбаў грамадзянскай супольнасці Беларусі, якая будзе прэзентаваная ў кастрычніку ў Бруселі. Сярод іншага закранутая падтрымка працы Кантактнай групы ў Радзе Еўропы, праграмаў стыпендыяў і абменаў, у тым ліку праз аўстрыйскія ўніверсітэты і Дыпламатычную акадэмію Вены. Міністарка пацвердзіла падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.
- Гуманітарная дапамога і адукацыйныя праграмы
Ціханоўская прапанавала Аўстрыі далучыцца да міжнароднага гуманітарнага фонду для падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў. Яна адзначыла, што гэтая дапамога будзе асабліва важнай у выпадку масавага вызвалення палітвязняў.
- Прапанова аб адкрыцці Офіса дэмакратычных сілаў у Аўстрыі.
Ціханоўская прапанавала адкрыць у Вене Офіс дэмакратычнай Беларусі, каб умацаваць двухбаковыя адносіны і каардынаваць міжнародныя дыпламатычныя намаганні. Таксама абмяркоўвалася магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі і далейшае супрацоўніцтва ў межах АБСЕ і Рады Еўропы.
- Пашпарты замежніка для беларусаў у Аўстрыі
Закранутае пытанне аб спрашчэнні працэдураў легалізацыі для беларусаў у Аўстрыі. Краіна ўжо зрабіла палёгкі для тых, хто мае пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, і выдае дакументы замежніка, аднак з шэрагам абмежаванняў. Ціханоўская таксама распавяла пра тое, што ўжо пачалася выдача Новага беларускага пашпарта, як пасведчання асобы для беларусаў у выгнанні.