Сёння ў Варшаве прайшоў «Марш Свабоды» з нагоды пятай гадавіны з пачатку пратэстаў. Да шэсця далучыліся Святлана і Сяргей Ціханоўскія: разам з беларусамі яны прайшлі па цэнтральных вуліцах польскай сталіцы.
На фінальнай кропцы шэсця беларуская лідарка выказала беларусам словы падзякі і гонару. Таксама яна заклікала быць гатовымі да адкрыцця новага акна магчымасцяў і захоўваць адзінства для свабоднай і незалежнай Беларусі.
«У мяне няма адказу на пытанне: калі скончыцца нашая барацьба. Калі падзе рэжым. Калі завершыцца вайна. Калі мы вернемся дадому. Але я веру, што сваёй руплівай працай мы можам і павінны набліжаць гэты момант.
Нездарма кажуць, што мы — нацыя партызанаў. Нават у самых складаных умовах мы не апускаем рук, не крычым, што ўсё прапала. Мы проста працягваем барацьбу, і ўрэшце дабіваемся мэтаў.
У бліжэйшы час сітуацыя вакол Украіны будзе мяняцца. І гэтая новая сітуацыя можа адкрыць для нас новае акно магчымасцяў. Мы павінны быць да гэтага гатовыя. І мы павінны трымацца разам. Так, у нас могуць быць розныя погляды, але мэта ў нас адна: свабодная незалежная Беларусь. І давайце ісці да гэтай мэты разам».