Некалькі дзён таму мы падсумавалі дасягненні дэмакратычных сілаў у міжнароднай галіне. Сёння прыспеў час прааналізаваць вынікі ў юрыдычным напрамку. Падрабязней пра вынікі распавядае юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай.
За апошнія пяць гадоў мы падрыхтавалі шэраг важных юрыдычных рашэнняў і ініцыятываў, якія служаць на карысць усім беларусам і беларускам. Гэтыя напрацоўкі — аснова будучай дэмакратычнай краіны, дзе на першым месцы замацуюцца законнасць, справядлівасць і павага да правоў чалавека. Нашыя вынікі адлюстроўваюць сумесную працу і падтрымку шматлікіх партнёраў, якія дапамагаюць рыхтаваць Беларусь да пазітыўных пераменаў і забяспечваць абарону правоў людзей ужо зараз.
- Канцэпцыя люстрацыі ў Беларусі
Мы аб’ядналі каля 30 беларускіх і міжнародных экспертаў, якія цягам трох месяцаў штотыдзень працавалі над фармаваннем комплекснага падыходу да люстрацыі. Канцэпцыя прапануе механізмы ачышчэння дзяржаўнага апарату ад асобаў, датычных да палітычных рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека. Гэта ключавы дакумент, каб забяспечыць аднаўленне даверу да дзяржаўных інстытуцыяў у вольнай Беларусі.
- Канцэпцыя кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным
Мы распрацавалі дакумент, які вызначае прынцыпы і механізмы аднаўлення правоў і кампенсацыі шкоды грамадзянам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў. Канцэпцыя прадугледжвае як матэрыяльныя выплаты, так і нематэрыяльныя формы аднаўлення справядлівасці — у тым ліку рэабілітацыю і вяртанне добрага імя.
- Стварэнне працоўнай групы пры МУС Польшчы
Дзякуючы супрацоўніцтву з Крысцінай Рыхтэр і Цэнтрам Беларускай Салідарнасці, была створаная афіцыйная працоўная група пры Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы. Гэта дазволіла сістэмна вырашаць пытанні легалізацыі, відаў на жыхарства і абароны беларускіх уцекачоў у Польшчы. Таксама дзякуючы працы групы беларусы і беларускі цяпер могуць атрымліваць польскі праязны дакумент бясплатна.
- Ініцыятыва па стварэнні «Люксембургскіх рашэнняў»
Мы ініцыявалі стварэнне даведніка, які змяшчае палітычныя рэкамендацыі і прапановы па пытаннях, што датычацца беларусаў у выгнанні. У тым ліку — пытанні легальнага ўезду і знаходжання на тэрыторыі ЕС, пагрозаў свабодзе перамяшчэння, адмоваў у консульскіх паслугах, доступу да адукацыі, кар’еры і прадпрымальніцтва ў выгнанні, а таксама захавання і развіцця беларускай культурнай ідэнтычнасці. Сумесная праца Офіса, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і грамадзянскага сектара па гэтых напрамках працягваюцца, каб імплементаваць усё тое, што было акрэслена ў гэтым дакуменце.
- Ініцыятыва па стварэнні Кантактнай групы пры Радзе Еўропы
Па нашай ініцыятыве была сфарміраваная Кантактная група, якая аб’ядноўвае беларускіх дэмакратычных прадстаўнікоў і структуры Рады Еўропы. Гэта забяспечыла прамую камунікацыю і магчымасць уплываць на міжнародныя рашэнні па Беларусі. Дзякуючы працы Кантактнай групы дзясяткі юрыстаў і адвакатаў змаглі атрымаць доступ да навучання па стандартах Рады Еўропы, а некаторыя — нават атрымаць доўгатэрміновыя стажыроўкі ў структурах Рады Еўропы.
- Удзел у Стратэгічным дыялогу ЗША — дэмакратычныя сілы Беларусі
Юрыдычная каманда брала актыўны ўдзел на ўсіх этапах дыялогу. У тым ліку — у падрыхтоўцы прававых пазіцыяў і прапановаў, якія ўлічваюцца ў палітыцы ЗША адносна Беларусі. Як прыклад, была ўзгодненая агульная пазіцыя па пытанні вызвалення палітычных зняволеных, санкцыйнага ціску і прыцягнення да адказнасці за масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека.
- Удзел у Стратэгічных кансультацыях Вялікабрытанія — дэмакратычныя сілы Беларусі
Мы далучыліся да фармавання працоўных групаў і падрыхтоўкі рэкамендацыяў для брытанскага ўрада, каб забяспечыць падтрымку беларускага грамадства і ўзмацніць міжнародны ціск на рэжым.
- Адвакацыя ў працэсе грамадзянскага агляду выканання Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі
Мы ўключылі тэму правоў чалавека і вяршэнства права ў міжнародную справаздачнасць па мэтах устойлівага развіцця, каб зрабіць праблему палітычных рэпрэсіяў бачнай у глабальным парадку дня. Мы пазбавілі прадстаўнікоў рэжыму магчымасці з трыбунаў ААН казаць пра тое, як у Беларусі ўсё добра з вяршэнствам права, гендарнай роўнасцю і ўзроўнем адукацыі. Сёння ні ААН, ні міжнародная супольнасць не маюць ілюзіяў адносна палітыкі рэжыму і яго стаўлення да правоў і свабодаў.
- Прасоўванне механізмаў універсальнай юрысдыкцыі і міжнароднай адказнасці
Каманда актыўна працавала з замежнымі органамі пракуратуры і НДА, каб спрыяць узбуджэнню крымінальных справаў супраць вінаватых у злачынствах рэжыму па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі. Зараз такія справы расследуюцца ў Літве, Польшчы, Чэхіі і шэрагу іншых краінаў. Тэрмінаў даўніны па гэтых злачынствах амаль нідзе няма, і мы ўпэўненыя, што рана ці позна вінаватыя панясуць пакаранне.
- Кампанія па блакіроўцы доступу рэжыму Лукашэнкі да сістэмы Інтэрпол
Мы правялі шырокую міжнародную адвакацыю, у выніку якой скарацілі магчымасці выкарыстання Інтэрпола для палітычна матываваных пераследаў беларусаў за мяжой.
- Сотні і тысячы зваротаў грамадзянаў Беларусі
За пяць гадоў мы апрацавалі сотні і тысячы зваротаў беларусаў, якія сутыкнуліся з пагрозамі, пераследам або юрыдычнымі праблемамі ў розных краінах. Гэтая непасрэдная дапамога стала асновай даверу да нашай каманды.
Кожная з гэтых ініцыятываў — не толькі вынік шматгадовай працы, але і ўнёсак у будучыню Беларусі, дзе будуць панаваць законнасць, справядлівасць і павага да правоў чалавека. Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай працягвае працу, каб гэты дзень настаў як мага хутчэй.
- Праваабарончая праца ў структурах ААН
Юрыдычная каманда актыўна выкарыстоўвала магчымасці сістэмы ААН для абароны правоў беларусаў. Мы рыхтавалі і накіроўвалі даклады і паведамленні ў спецыяльныя працэдуры ААН, у тым ліку Спецыяльнаму дакладчыку па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і іншым тэматычным дакладчыкам (па пытаннях катаванняў, свабоды слова, незалежнасці суддзяў і адвакатаў). Цяпер удзельнічаем у працэсе Універсальнага перыядычнага агляду (UPR), каб зрабіць відавочнымі сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі на глабальнай арэне. Праблемы палітычных рэпрэсіяў і беззаконня ў Беларусі былі ўключаныя ў парадак дня Генеральнай Асамблеі і Рады па правах чалавека ААН. Таксама намі, сумесна з праваабарончым сектарам, праводзілася сістэмная праца па адвакатаванні, стварэнні і захаванні Міжнароднай групы экспертаў па расследаванню парушэнняў правоў чалавека пасля выбараў 2020 года. Менавіта гэтая група ўпершыню сказала ўслых на міжнародным узроўні пра тое, што дзеянні падчас выбараў і пасля іх могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці.
- Сістэмная праца на пляцоўках АБСЕ.
Юрыдычная каманда актыўна ўзаемадзейнічала з інстытутамі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, уключаючы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (ODIHR). Мы прадстаўлялі прававыя пазіцыі і аналітычныя матэрыялы для надання міжнароднай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека і вяршэнствам права ў Беларусі, у тым ліку ў рамках двух Маскоўскіх механізмаў. Наш удзел дазволіў зафіксаваць і афіцыйна прызнаць сістэмныя парушэнні з боку рэжыму, а таксама ўзмацніць каардынацыю міжнародных намаганняў па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і абароне пацярпелых ад рэпрэсіяў. Вынікам гэтай працы стала стварэнне Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus) і яе падтрымка з боку краінаў-удзельніц АБСЕ. Платформа зафіксавала ўжо тысячы сведчанняў здзяйсненняў супраць беларусаў злачынстваў, у тым ліку міжнародных. Фактычна гэта доказная база па будучых працэсах прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму і іх памагатых.
І фінальнае — у чым сіла?
Увесь гэты аб’ём працы — гэта не пра юрыдычныя паняцці і міжнародныя фармулёўкі. Гэта пра людзей. Пра беларусак і беларусаў, якія сёння жывуць унутры краіны і штодзень дыхаюць атмасферай страху і ціску, але працягваюць захоўваць годнасць, дапамагаць адно аднаму і верыць у перамены. Кожная нашая ініцыятыва, кожная падрыхтаваная канцэпцыя, кожны міжнародны даклад — гэта інструмент, каб абараніць іх правы, каб даць ім магчымасць не заставацца сам-насам з рэпрэсіўнай сістэмай. Мы дакладна ведаем: галоўны фронт змагання праходзіць не ў кулуарах міжнародных арганізацыяў, а ў сэрцах і жыццях людзей унутры Беларусі.
Разам з тым мы памятаем і пра больш чым мільён беларусаў і беларусак, якія былі вымушаныя пакінуць Радзіму. Для іх мы таксама шукаем шляхі абароны і магчымасці бяспечнага жыцця за межамі краіны. Бо незалежна ад таго, дзе знаходзіцца чалавек — у Мінску ці Варшаве, у Магілёве ці Вільні — ён застаецца часткай беларускага народа. Мы працуем, каб беларусы па ўсім свеце мелі магчымасць вучыцца, працаваць, свабодна перамяшчацца, будаваць сваю будучыню і заставацца злучанымі паміж сабой.
Гэтая праца не спыняецца ні на дзень і ні на гадзіну. Мы — юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай — працуем 24/7, каб максімальна вялікая колькасць беларусаў атрымала абарону, справядлівасць і шанец на свабоднае жыццё ў сваёй краіне. Мы ведаем, дзеля чаго гэта робім. І мы не спынімся, пакуль Беларусь не стане свабоднай, прававой і справядлівай дзяржавай для ўсіх сваіх грамадзянаў.