У сакавіку 2022 г. Рада Еўропы прыняла рашэнне спыніць усе кантакты з рэжымам. У тым жа рашэнні ўтрымлівалася ўказанне органам РЕ паглыбіць адносіны з беларускімі дэмсіламі і грамадзянскай супольнасцю з фокусам на такія тэмы, як абарона правоў чалавека, незалежныя СМІ і моладзь. У верасні 2022 г. было прынятае рашэнне пра стварэнне Кантактнай групы Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю.
Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык расказвае, як з'явілася Кантактная група і чым Рада Еўропы дапаможа беларусам.
Аляксандр Шлык: «Пасля прыняцця рашэння аб спыненні кантактаў Рады Еўропы з афіцыйным Мінскам мы абмяркоўвалі сумесную працу з Радай падчас некалькіх візітаў прадстаўнікоў дэмсілаў у Страсбург, у т.л. двух візітаў Святланы Ціханоўскай. У выніку 7 верасня вышэйшы кіроўны орган – Камітэт міністраў Рады Еўропы – прыняў даручыць генеральнаму сакратару РЕ сфармаваць кантактную групу ў супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
У рашэнні змяшчаецца фармулёўка «генсакратарка павінна стварыць групу ў супрацоўніцтве», а не пасля кансультацый. Гэта важна таму, што пацвярджае нашую суб'ектнасць. У рашэнні згадваецца, што яно паходзіць непасрэдна з кансультацый Рады Еўропы са Святланай Ціханоўскай і яе выступаў у кіроўных органах. Таксама рашэнне абавязвае генеральную сакратарку даваць справаздачу як мінімум два разы на год пра прагрэс кантактнай групы. Такім чынам, два месяцы таму было прынятае рашэнне, пасля чаго мы правялі кансультацыі з Радай Еўропы, беларускай грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі суб'ектамі. І ўжо ўчора Кантактная група пачала сваю працу».
- Чаму гэта важна для Беларусі?
«Таму што Рада Еўропы – гэта ўнікальная рэгіянальная арганізацыя, звязаная з правамі чалавека і фундаментальнымі еўрапейскімі каштоўнасцямі. Немагчыма ўявіць, каб нейкая краіна ўступала ў ЕС, не будучы пры гэтым чальцом Рады Еўропы. Цяпер у Радзе Еўропы 46 дзяржаваў (Расія была выключаная ў сакавіку). Усе гэтыя краіны прытрымліваюцца фундаментальных агульных еўрапейскіх каштоўнасцяў.
Вельмі важна, што мы выбудоўваем адносіны з Радай Еўропы на роўных. Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне, прычым пра гэта наўпрост кажа генеральная сакратарка РЕ Марыя Пейчынавіч-Бурыч. Фактычна ў супрацоўніцтве з міжнароднай арганізацыяй беларусаў прадстаўляе не афіцыйны Мінск, а дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць.
У Рады Еўропы гіганцкі досвед у дапамозе дзяржавам у пабудове дэмакратычных інстытутаў, усталяванні вяршэнства права, працы з судамі, парламентамі, заканадаўствам і неверагодна вялікая юрыдычная экспертыза. З прыцэлам на тое, што мы хочам ужо цяпер пачынаць будаваць дэмакратычныя інстытуты для ўстойлівай дэмакратыі ў будучай Беларусі, нам будзе вельмі каштоўны досвед Рады Еўропы».
- Чым можа дапамагчы беларусам Рада Еўропы ўжо цяпер?
«У Радзе Еўропы 46 дзяржаваў, гэта практычна ўсе еўрапейскія дзяржавы. Яны абавязаныя захоўваць і паважаць правы людзей, якія знаходзяцца пад іх юрысдыкцыяй – у тым ліку беларусаў, якія апынуліся на іх тэрыторыі.
Рада Еўропы можа ўплываць на краіны, каб яны ставіліся да беларусаў правільна і гарантавалі іх правы. Безумоўна, тут ёсць свае нюансы, бо многія пытанні застаюцца на меркаванне нацыянальных урадаў. Рада Еўропы не можа абавязваць краіны, але можа рэкамендаваць і ўплываць на іх».