Падчас візіту Святлана Ціханоўская выступіла на Сусветным Форуме за дэмакратыю, арганізаваным Радай Еўропы. У форуме прымалі ўдзел прадстаўнікі больш чым 100 краінаў свету. Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Тайні Коксам і генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч. Падчас візіту ў сваіх прамовах яна распавядала пра неабходнасць раздзяляць рэжым і народ, незаконнасць размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра дапамогу палітвязням.
Таксама ў Страсбургу Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у запуску Кантактнай групы Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю. У групу ўвайшлі прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, незалежных журналістаў, моладзі, дзеячаў культуры, дыяспары, гендарных актывістаў, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў.
– Рада Еўропы прынцыпова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Я рада, што цяпер створаная Кантактная група. Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне: ні адна іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносін такога роду, – сказала генсек Рады Еўропы Пейчынавіч-Бурыч.
Фота: Святлана Ціханоўская з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч
Падчас сустрэчы з прэзідэнтам ПАРЕ Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасць запрашэння прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і групаў на пасяджэнне ПАРЕ ў статусе назіральнікаў. Таксама гаворка ішла пра стварэнне трыбунала супраць Лукашэнкі і ягоных памагатых, аналіз Венецыянскай камісіяй праекту Канстытуцыі, распрацаванага дэмакратычнымі сіламі.
Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька адзначыў: «Выглядае лагічна легалізацыя прысутнасці апазіцыйных дэмакратычных партый Беларусі ў ПАРЕ. Сёння тры лідары беларускіх партый за кратамі: Мікола Казлоў, Мікола Статкевіч і Рыгор Кастусёў. Важна, каб партыі захоўвалі і ўмацоўвалі міжнародную супрацу, а іх прадстаўнікі мелі досвед працы ў міжнародных арганізацыях.
Венецыянская камісія ўжо зрабіла першы крок – дала заключэнне адносна палітычнай сістэмы, якая зафіксаваная ў праекце Канстытуцыі новай Беларусі. Дарэчы, яно цалкам пазітыўнае. Але прыхільнікам пераменаў важна мець экспертызу ўсяго праекта. Наўпрост у камісію мы не можам звярнуцца, але гэта ў кампетэнцыі прэзідэнта ПАРЕ. Тут я ў чарговы раз хачу нагадаць, што неабходна мяняць не толькі прозвішчы тых, хто ва ўладзе, але і сістэму, якую яны стваралі амаль тры дзесяцігоддзі. А сістэма – гэта і ёсць Канстытуцыя!
Што датычна трыбунала, то ПАРЕ вяртаецца да часоў, калі яна прымала даклад Пургурыдыса аб «эскадроне смерці», які скрадаў і забіваў апанентаў Лукашэнкі. Гэта працяг пачатай, але не завершанай працы».
На сустрэчы з мэрам Страсбурга Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасць правядзення ў горадзе беларускіх мерапрыемстваў ды запрашэння беларускіх выдаўцоў і аўтараў у Страсбург, якому ЮНЕСКА надала статус сусветнай сталіцы кнігі ў 2024 годзе.