Паважаны Прэзідэнт Караль Наўроцкі!
Сардэчна віншую Вас з уступленнем на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Польшча!
Гэта вялікі дзень не толькі для польскага народа, але і для ўсіх, хто верыць у дэмакратыю, справядлівасць і свабоду. Вашая перамога на сапраўды свабодных выбарах — гэта прыклад для ўсяго рэгіёна і надзея для тых, хто дагэтуль змагаецца за магчымасць абіраць уладу згодна з воляй народа. Для беларусаў, пазбаўленых гэтага права ўжо тры дзесяцігоддзі, Польшча застаецца ўзорам і крыніцай натхнення.
Я веру, што пад Вашым кіраўніцтвам Польшча застанецца моцнай, бяспечнай і квітнеючай краінай — апорай дэмакратычнай Еўропы і верным сябрам беларускага народа.
Польшча заўсёды была побач з Беларуссю ў нашай барацьбе за свабоду. Польскі народ праяўляў салідарнасць, падтрымліваў рэпрэсаваных, адкрываў межы для тых, хто вымушаны быў уцякаць ад пераследу. Мы верым, што гэтая салідарнасць будзе працягвацца. Мы гатовыя і далей развіваць цеснае супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і Польшчай — дзеля дабрабыту нашых народаў і ўсёй Еўропы.
Зычу Вам моцнага здароўя, мудрасці і адвагі пры прыняцці важных рашэнняў у гэты пераломны момант гісторыі. Няхай Вашая кадэнцыя будзе часам умацавання дэмакратыі, бяспекі і адзінства.
З павагай і надзеяй,
Святлана Ціханоўская
Прэзідэнтка, абраная народам Беларусі
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета