9 жніўня ў Гданьску адбыўся Дзень салідарнасці з Беларуссю. Яго зладзілі Гданьск і Сопат, Паморскае ваяводскае самакіраванне, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Таварыства беларусаў Памор’я, Беларуская супольнасць «Гданьск 23.34» і Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Ад дэмакратычных сілаў Беларусі ўдзел у мерапрыемствах узяў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. Ён адзначыў сімвалічнае значэнне Еўрапейскага цэнтра салідарнасці і Гданьска як сусветных сімвалаў барацьбы за годнасць і дэмакратыю. Дарадца падкрэсліў: гісторыя польскай «Салідарнасці» — прыклад і натхненне для беларусаў. Ён асобна падзякаваў польскаму боку за шматгадовую дапамогу беларусам і за правядзенне канферэнцыі Касцюшкі-2025 у Гданьску падчас прэзідэнцтва Польшчы ў Еўрасаюзе.
Кучынскі згадаў беларускіх творцаў, запрошаных у гэтыя дні ў Гданьск — Альгерда Бахарэвіча, Юлію Цімафееву і Лявона Вольскага, назваўшы іх дзейнасць «культурнай зброяй» Беларусі. Асобныя словы падзякі адрасаваліся беларускай дыяспары ў Гданьску, якая застаецца «жывою сувяззю з радзімай» і працягвае захоўваць нашую культуру, мову і памяць.
Дарадца таксама звярнуўся да прысутных былых палітвязняў, у тым ліку Ігара Карнея і Аланы Гебрэмарыям: «Вашая прысутнасць — доказ таго, што рэжым можа адбіраць свабоду, але не можа зламаць волю. Мы працягнем працу па вызваленні ўсіх палітвязняў — у тым ліку супольнага героя Беларусі і Польшчы Андрэя Пачобута».
Гаворачы пра пяць гадоў пасля 2020 года, прадстаўнік Офіса нагадаў пра рэпрэсіі і катаванні, але таксама пра адвагу, салідарнасць і гераізм беларусаў. Ён падкрэсліў: многія з тых, хто выйшаў супраць гвалту, пазней сталі абараняць Украіну, а з 2022 года беларусы сабралі на дапамогу ўкраінцам больш, чым на ўласныя патрэбы. «Мы і сёння застаёмся верныя лозунгу нашых продкаў: «За нашу і вашу свабоду!»
Асобным пунктам прамовы стаў важны тэзіс: барацьба беларусаў непадзельная са змаганнем украінцаў, грузінаў і іншых народаў рэгіёна супраць «рускага міра» і за дэмакратыю ва ўсім свеце. Тады як Гданьск — гэта прыклад таго, як нават у самыя цёмныя часы можна будаваць надзею і дасягаць перамогі.
Напрыканцы выступу Кучынскі выказаў шчырую падзяку арганізатарам і ўсім, хто цягам апошніх гадоў падтрымлівае беларускі народ у змаганні за свабоду і дэмакратыю. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас віцэ-прэзідэнтаў Гданьску і Сопата — Монікі Хабіёр, Міхала Банакцкага — і Базыля Керскага, дырэктара Еўрапейскага цэнтра салідарнасці.