Дарагія сябры!
Два дні прадстаўнікі АПК распавядалі пра сваю працу, адказвалі на пытанні, часам не вельмі прыемныя. Але, па выніках галасавання, Каардынацыйная Рада вырашыла ухваліць працу прадстаўнікоў.
Але гэта не нагода расслабляцца. Неўзабаве, мы чакаем рэкамендацыі ад Каардынацыйнай Рады, як палепшыць працу кожнага прадстаўніцтва, і прашу прадстаўнікоў гэтыя рэкамендацыі ўлічыць.
Таксама па выніках слуханняў я прыняла рашэнне зацвердзіць Паўла Баркоўскага на пасадзе прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў пытаннях нацыянальнага адраджэння.
Пасля пераходу Аліны Коўшык на новую працу спадар Павел некалькі месяцаў быў выканаўцам абавязкаў і выдатна праявіў сябе на гэтай пасадзе. Ён прафесійна, адказна, сумленна забяспечвае такі важны кірунак працы.
Таксама прызначаюцца два намеснікі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні. Ірэна Кацяловіч — намесніцай па пытаннях культуры. І Андрэй Лаўрухін — намеснікам у пытаннях адукацыі і навукі. Віншуем!
На рэкамендацыю Каардынацыйнай Рады Аліса Рыжычэнка прызначаецца прадстаўніцай па эканоміцы і фінансах. Вы ўжо маглі бачыць спадарыню Рыжычэнку ўчора ў дыскусіях, ведаеце яе выступы ў прэсе. Яна мае для гэтай пасады як досвед, так неабходныя веды.
Я хацела б, каб у бліжэйшы час прадстаўніцтва па эканоміцы папрацавала над дэталізацыяй Усеабдымнага плану эканамічнай дапамогі Беларусі пасля дэмакратычных перамен, у 3 мільярды Еўра. Як вы ведаеце, учора прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла, што гэтае абяцанне застаецца ў сіле. Гэта важны мэсыдж беларусам унутры краіны — што пасля перамен Беларусь атрымае ўсю неабходную падтрымку. Аліса, удачы вам у працы!
Цяпер па замежных прадстаўніцтвах.
Святлана Шаціліна прызначаецца кіраўніцай Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Святлана Шаціліна будзе разбудоўваць беларуска-ўкраінскія адносіны і дапамагаць беларусам ва Ўкраіне. На гэтай пазіцыі яна заменіць Генадзя Манько, які працягне працаваць у камандзе са Святланай і ў Каардынацыйнай Радзе. Святлана Шаціліна будзе каардынаваць працу з прадстаўніком па бяспецы Вадзімам Кабанчуком і яго камандай.
У Італіі, у горадзе Фларэнцыя, пры падтрымцы мясцовых уладаў, мы адкрываем Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці. Ён будзе займацца дапамогай беларусам, падтрымкай уцекачоў, прамоцыяй беларускай культуры. Кіраваць цэнтрам будзе Юлія Юхно, якую вы ведаеце як прадстаўніцу Народных амбасадаў у Італіі.
У Іспаніі — мы адкрываем Місію, ужо пятую, пасля Таліна, Прагі, Бруселя і Кіева. Кіраўніцай Місіі будзе Таццяна Марыніч. Цяпер мы чакаем афіцыйнага пацверджання ад іспанскіх уладаў.
І ўрэшце ў Бруселі мы плануем запусціць беларускі грамадскі хаб, на базе Місіі ў Бруселі, якой кіруе Уладзімір Астапенка.
Дарагія сябры,
Наша праца працягваецца. Складаная, няўдзячная. Але вельмі-вельмі важная. Памятаем: тое, што мы робім – мы робім для Беларусі і беларусаў.
Учора мы бачылі прэзентацыю сацыялогіі ад Генадзя Коршунава і Цэнтру Новых ідэй. У гэтых лічбах я не пабачыла апатыі і фрустрацыі, наадварот, гатоўнасць працягваць барацьбу. Беларусы па-ранейшаму вераць у перамены, і многія звязваюць гэтую надзею з дэмакратычнымі сіламі.
Наша задача цяпер — утрымаць Беларусь на міжнароднай павестцы. А ў міжнароднай павестцы цяпер тэма адна — бяспека. Дзеля гэтай мэты мы падрыхтавалі і прэзентавалі на канферэнцыі “Чырвоную паперу” па бяспецы — Red Paper. У гэтай справаздачы мы паказваем, як Беларусь інтэгруецца ў еўрапейскую сістэму бяспекі, мы тлумачым, што Беларусь гэта не толькі пагроза, але і магчымасць.
Таксама сёння мы прэзентавалі вялікую справаздачу па культурнай дыпламатыі, справаздачу па ўдзеле рэжыму ў вайне, распрацаваную Белполам, а таксама брашуру па структуры дэмакратычных сілаў, якая дапаможа беларусам і замежнікам лепш арыентавацца ў цэлай экасістэме беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Канферэнцыяй прынятыя некалькі рэзалюцыяў. Яны былі падрыхтаваныя аргкамітэтам і падтрыманыя Каардынацыйнай Радай.
Гэта рэзалюцыі “Аб дасягненні справядлівасці”, “Аб вызваленні палітвязняў”, Рэзалюцыя па пытаннях бяспекі, “Аб моладзі”, “Аб еўрапейскім выбары”, Рэзалюцыя ў падтрымку нацыянальнай ідэнтычнасці, “Аб супрацьдзеянні гібрыднай агрэсіі з боку Расіі”, “Аб недапушчальнасці парушэння свабоды сумлення”, і асноўная палітычная рэзалюцыя — з асноўнымі пазіцыямі дэмакратычных сілаў.
Таксама напярэдадні канферэнцыі Кабінетам прынятая пастанова “Аб падтрымцы беларускіх ветэранаў”, а таксама ўхваленая канцэпцыя кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным.
АПК прэзентаваў канцэпцыю правядзення Круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу Беларусі. Такім чынам, мы звяртаемся да чыноўнікаў, грамадскіх груп, якія падзяляюць каштоўнасці суверэнітэту і дэмакратыі — і заклікаем іх да дыялогу. Рэжым не вечны, і нам трэба цяпер ужо думаць, як мы будзем рухацца да нацыянальнага прымірэння.
Мы працягваем узмацняць нашыя інстытуты, нашую суб’ектнасць, нашыя структуры як за мяжой, так і ў выгнанні. Працягваем працаваць над праектам пашпарту — першыя пашпарты ўжо выдаюцца, пакуль ў пілотным рэжыме. Як я і казала, гэта доўгатэрміновы праект, мэта якога — узмацніць нашую супольнасць, але ў перспектыве і дапамагчы ў вырашэнні практычных праблемаў. Чым больш будзе выдадзена пашпартоў – тым больш шанцаў на яго прызнанне.
Але цяпер прыярытэт — вырашыць тэрміновыя пытанні легалізацыі, выдачы пашпартоў замежніка, у тым ліку праз імплементацыю Люксембургскіх рашэнняў, ухваленых Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы.
Увосень мы стартуем кампанію прамоцыі Еўрапейскай будучыні для Беларусі, каб паказаць альтэрнатыву, альтэрнатыву Расіі. Мэта кампаніі, з аднаго боку — папулярызаваць Еўрапейскую перспектыву сярод беларусаў, а з другога — тлумачыць еўрапейскім патнёрам, чаму Беларусь заслугоўвае таго, каб аднойчы стаць часткай еўрапейскай сям’і. Калі камусьці здаецца, што гэта відавочна, то гэта не так.
І нарэшце. Самае галоўнае. Гэта падзякі.
Дзякую ўсім валанцёрам і арганізатарам, які зрабілі неймавернае — практычна без рэсурсаў падрыхтавалі і арганізавалі на такім узроўні вялікую канферэнцыю.
Дзякуй камандзе Офісу, прадстаўнікам Кабінета і Каардынацыйнай Рады, “Народным амбасадам”, якія дапамагалі ў арганізацыі. Вялікі дзякуй перакладчыкам, Варшаўскаму ўніверсітэту і Цэнтру даследаванняў усходняй Еўропы, шаноўнаму Яну Маліцкаму, НАУ, медыяплатформе НЕХТА. Усім журналістам. Дзякуй
Дзякуй усім удзельнікам, дзякуй міжнародным гасцям, дыпламатам, урадам, якія падтрымліваюць Беларусь. ЗША і Еўрасаюзу, Вялікабрытаніі, Канады, Нарвегіі, і уладам Польшчы. Мы цэнім вашу падтрымку, кожны ваш крок салідарнасці. Вялікі дзякуй за ўсе словы падтрымкі, якія мы ўчора пачулі з нагоды пятай гадавіны нашых пратэстаў.
Дзякуй усім, хто учора выйшаў на вуліцы, нягледзячы на страх і запужванні. У Варшаве і па ўсім свеце. Нагадаць свету пра Беларусь. Акцыі адбыліся амаль у 20-ці краінах свету. Ведаеце, я учора сарвала голас, калі мы ішлі маршам. Так гучна мы скандавалі “Жыве Беларусь!” Я сапраўды адчула той дух, дух 20-га году.
Дзякуй усім калегам, якія цяпер на сцэне са мной, І ўсім тым, хто ціха, непублічна працягвае працу – дзеля новай Беларусі.
Сёння ў нас на канферэнцыі тут атмасфера, як у сапраўдным дэмакратычным парламенце. Гарачыя дэбаты, і нават дэмаршы. Але ўжо ўчора было горача: Роза Турарбекава вучыла Зьмітра Шчыгельскага дыялогу. Уладзімір Жыгар ледзь не купіў Івану Краўцову квіток у Менск.
Тое, што мы спрачаемся – паказвае, што нам не ўсё адно. І тое, што ў нас розныя ідэі, розныя пазіцыі — гэта таксама добра. І хай будуць спрэчкі, а не так, як у рэжыму – калі ўсе паслухмяна ківаюць галавой.
Наша сіла — у нашай разнастайнасці.
Але давайце не толькі спрачацца. Давайце таксама адзначаць і хваліць адно аднаго. Заўважаць пазітыўнае. І глядзець у будучыню з апытмізмам.
Калі мы выстаялі 5 год – то выстаім і да перамогі. Яшчэ раз дзякую ўсім вам за ўдзел. Мы разам. Мы працягваем наш шлях. Шлях да новай Беларусі.
Дзякуй вам!
Жыве Беларусь!