ВІЗІТ У ЗША
З 9 па 12 ліпеня Святлана Ціханоўская наведала Вашынгтон, дзе ўзяла ўдзел у Публічным форуме НАТА па запрашэнні Генеральнага Сакратара Енса Столтэнберга. Падчас форуму Ціханоўская ўзяла ўдзел у шоу «Morning Joe» ды сумесна з Нэнсі Пэлосі напісала калонку для The Washington Post, y якой яны акцэнтавалі ўвагу на тыраніі ва ўсходняй Еўропе і заклікалі ўзмацніць ціск на дыктатараў.
Акрамя гэтага лідарка дэмакратычных сіл сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы, каб узгадаць сітуацыю з «Белсатам» і заклікаць міністра працягнуць падтрымку канала; з прэм’ер-міністаркай Эстоніі і міністрам замежных справаў Чэхіі; з міністаркай замежных справаў Ісландыі, каб запрасіць Ісландыю падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў; ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі да Тыдня паняволеных народаў. Таксама Святлана сустрэлася з лідарам дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў ЗША, каб падзякаваць за падтрымку беларускага народа ды заклікаць Кангрэс прыняць новае выданне Акта аб дэмакратыі ў Беларусі.
УЗМАЦНЕННЕ КАНТРОЛЮ НА МЯЖЫ БЕЛАРУСІ З ЕС
У інтэрв’ю «Зеркало» Святлана Ціханоўская растлумачыла, што ўзмацненне кантролю на межах Беларусі з ЕС і новыя абмежаванні з’яўляецца наступствам палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які звязаў краіну з Расіяй. Ціханоўская таксама адзначыла, што дэмакратычныя сілы працуюць над захаваннем магчымасці пасажырскага перасячэння мяжы, і што Літва і Польшча падтрымліваюць гэты накірунак.
ФЕСТЫВАЛЬ «ТУТАКА»
Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у фестывалі «ТУТАКА», дзе падкрэсліла важнасць культуры, гісторыі і мовы для аб’яднання беларусаў, незалежна ад іх месцазнаходжання. «Хоць нас, беларусаў, раскідала па свеце, але культура, гісторыя, мова – тое, што трымае нас разам», – адзначыла лідарка беларускіх дэмакратычных сіл. Ціханоўская падзякавала арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю.
НОВЫЯ СПІКЕРКІ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ
Святлана Ціханоўская павіншавала Анжаліку Мельнікаву і Станіславу Гліннік з абраннем на пасады спікера і віцэ-спікера Каардынацыйнай Рады. Яна выказала спадзяванне, што іх праца будзе спрыяць якаснай камунікацыі і прадуктыўнай працы ўнутры Рады. Ужо хутка дэлегаты КР збяруцца на Канферэнцыі «Новая Беларусь», разам выпрацаваць стратэгію на 2025 год.
БЕЛАРУСЬ І ВАЙНА ВА УКРАІНЕ
Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю TN.CZ заявіла, што дэмакратычны свет павінен працягваць падтрымліваць Украіну і Беларусь, і падкрэсліла, што расійскі кантроль над Беларуссю пагражае бяспецы ўсяго еўрапейскага кантынента.
ГАДАВІНА ЗАТРЫМАННЯ АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА
У дзень гадавіны затрымання Алеся Бяляцкага, Святлана Ціханоўская адзначыла вялікі ўклад праваабаронцаў у развіццё Беларусі: «У іншых умовах краіна ганарылася б сваім выбітным грамадзянінам, але дыктатура ўспрымае яго як пагрозу – як і любога чалавека, што выказвае нязгоду з сістэмай, створанай Лукашэнкам, ды кідае ёй выклік».
ГАДАВІНА СМЕРЦІ АЛЕСЯ ПУШКІНА
Святлана Ціханоўская да гадавіны смерці Алеся Пушкіна: «Найлепшае, што мы можам зрабіць – не забываць, якой цаной з’яўляюцца гэтыя сімвалы і працягваць справу Алеся». Вядомы беларускі мастак і палітвязень памёр у шпіталі 11 ліпеня 2023 года. Да канца ліпеня ў Вільні ў прасторы «Кропка» будзе працаваць выстава Алеся Пушкіна.
ПАРАДЫ ПА ЛІЧБАВАЙ БЯСПЕЦЫ
Каманда офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала правілы па лічбавай бяспецы, якія дапамогуць абараніць асабістыя дадзеныя і прылады. Азнаёміцца з імі можна тут.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў шоу «Morning Joe» (ЗША), дала інтэрв’ю Washington Post (ЗША), LR1 і TV3 (Латвія), «Зеркалу» міжнародным выданням DW і Radio Free Liberty. Таксама яна дала каментар RUS LSM (Латвія).