Падчас Саміту НАТА беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Эстоніі Каяй Калас, а таксама з міністрам замежных справаў Чэхіі Янам Ліпаўскім.
На сустрэчы з Калас бакі абмеркавалі стратэгію Еўрасаюза па Беларусі пасля еўрапейскіх выбараў і працу Кансультатыўнай групы, а таксама слуханні па Беларусі з удзелам еўрапейскіх міністраў. Ціханоўская падкрэсліла важнасць прынцыповай і рашучай палітыкі Еўрасаюза, каб з аднаго боку ізаляваць рэжым, а з іншага – падтрымліваць беларусаў.
Беларуская лідарка падзякавала Эстоніі за паслядоўную пазіцыю: Эстонія праводзіла слуханні ў Радзе Бяспекі ААН па Беларусі, арганізавала эстонска-беларускую канферэнцыю, а таксама прызначыла спецпасланніка па працы з дэмакратычнымі сіламі і вылучыла стыпендыі для студэнтаў і моладзі.
Міністру замежных справаў Чэхіі Яну Ліпаўскаму Святлана Ціханоўская распавяла пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў, мілітарызацыю Беларусі і правакацыі з боку рэжыму. Акрамя таго, лідарка заклікала звяртаць увагу на спробы Расіі паглынуць Беларусь. Адзначым, што нядаўна Чэхія падтрымала стварэнне Офісу дэмакратычных сілаў у Празе і змякчыла ўмовы атрымання візаў для беларускіх студэнтаў, а таксама падтрымала шэраг праектаў грамадзянскай супольнасці.