Святлана Ціханоўская і Нэнсі Пэлосі, дэпутатка палаты Прадстаўнікоў кангрэса ЗША і першая жанчына-спікерка ў гісторыі Амерыкі, напісалі калонку для The Washington Post. У матэрыяле, які выйшаў напярэдадні саміту НАТА, палітыкі акцэнтуюць увагу на тыраніі ва ўсходняй Еўропе і заклікаюць узмацніць ціск на дыктатараў.
Прыводзім ключавыя тэзісы з артыкула:
📌 «Тыранія наступае на Усходнюю Еўропу. Заваявальная вайна Пуціна ў дэмакратычнай Украіне з’яўляецца яркім прыкладам гэтай сумнай тэндэнцыі. Пра масавы тэрор і рэпрэсіі ў суседняй Беларусі, арганізаваныя Лукашэнкам, пішуць радзей».
📌 «Напярэдадні саміту НАТА нашыя саюзнікі і партнёры павінны распачаць крокі па падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі, адначасова ўзмацняючы ціск на пуцінскага сябра Лукашэнку – і, як вынік, на самога Пуціна.
👉🏻 Першы крок – забяспечыць прытулак беларускім актывістам, якія маюць у гэтым патрэбу; аказаць усебаковую дапамогу незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам і рэпрэсаваным.
👉🏻 Другі крок – жорсткія санкцыі супраць Расіі, ізаляцыя Пуціна і яго эканомікі ад дэмакратычнага свету.
👉🏻 Трэці крок – уключыць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі ў спіс «дзяржаўных спонсараў тэрарызму».
📌 «Гісторыя папярэджвае нас, што мы ніколі не павінны баяцца супрацьстаяць рэпрэсіўным дыктатурам, што імкнуцца знішчыць дэмакратыю. Беларусы і ўкраінцы, якія змагаюцца за свабоду, маюць агульныя рысы. У барацьбе за сваё вызваленне яны з’яўляюцца маякамі свабоды для Еўропы – і для ўсяго свету. Мы павінны быць поруч з імі пакуль дэмакратыя не пераможа».