РЭЗАЛЮЦЫЯ ПАРЕ ПА БЕЛАРУСІ. Беларуская лідарка выступіла на пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу. Кульмінацыяй выступу стала прапанова Святланы Ціханоўскай па далучэнні будучай дэмакратычнай Беларусі да Рады Еўропы. Таксама Ціханоўская ўзяла ўдзел у дэбатах, што прайшлі па выніках даклада па Беларусі – яго аўтарам выступіў чалец фінскага парламента і ПАРЕ Кіма Кільюнен. Пасля калектыўнага абмеркавання дэпутаты ПАРЕ прынялі рэзалюцыю па Беларусі. Каманда Офіса падрыхтавала карткі, якія тлумачаць сутнасць дакумента і распавядаюць пра ключавыя мэсэджы рэзалюцыі.
ВІЗІТ У СТРАСБУРГ. Падчас візіту ў Страсбург беларуская лідарка сустрэлася з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч, а таксама з новым прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэадорасам Русопуласам. З генеральнай сакратаркай Ціханоўская абмеркавала працу Кантактнай групы – план яе дзейнасці распісаны ўжо на два гады. Плануюцца стажыроўкі і абмены для моладзі, трэнінгі для журналістаў і юрыстаў, а таксама дапамога ў падрыхтоўцы законапраектаў для дэмакратычнай Беларусі. Прэзідэнту ПАРЕ Ціханоўская прапанавала прызначыць пастаяннага дакладчыка па нашай краіне і стварыць дэлегацыю па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Бакі пагадзіліся і далей уключаць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у працу ПАРЕ. Асобна Святлана Ціханоўская сустрэлася з дакладчыкам ПАРЕ Полем Галем. Вынікам іх дыялогу стала згода на правядзенне канферэнцыі па пытаннях легалізацыі беларусаў замежжа.
БЕЗВЫБАРЫ. Старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі распавёў, чаму «Адзіны дзень галасавання» з’яўляецца безвыбарамі і чаму беларусам не варта ўдзельнічаць у гэтым палітычным фарсе: «Замест сумленных выбараў ёсць зацверджаныя адміністрацыяй спісы назначэнцаў, якія будуць думаць толькі пра тых, хто іх прызначыў. А ваш удзел толькі дапаможа зрабіць выгляд, што іх абралі. Мы сутыкаемся з безвыбарамі, калі вынік вядомы загадзя. Будзе сітуацыя, калі нашыя дзеянні прывядуць да пераменаў. А пакуль тое, што мы сапраўды можам зрабіць – не ўдзельнічаць у гэтым падмане».
БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. У МЗС Літвы прайшла сустрэча беларускай лідаркі і міністра замежных справаў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса. Палітыкі абмеркавалі сітуацыю з легалізацыяй беларусаў у Літве, а таксама магчымыя новыя абмежаванні, якія будуць абмяркоўвацца ў Сейме Літвы вясной. Святлана Ціханоўская падзякавала Літве за рашэнне падоўжыць тэрмін дзеяння гуманітарных дазволаў на жыхарства для беларусаў з аднаго да трох гадоў. Лідарка падкрэсліла: нельга ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расіянаў, бо гэта толькі грае на руку рэжыму. Акрамя таго Ціханоўская перадала прапановы ад Офіса, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і НАУ па пытаннях прыцягнення рэжыму да адказнасці і санкцыях супраць яго памагатых.
БЕЛАРУСЬ-ГЕРМАНІЯ. Святлана Ціханоўская прыняла ў Офісе амбасадара Германіі Карнэліуса Цымермана. Бакі зверылі палітычныя пазіцыі па безвыбарах, якія ў лютым плануе зладзіць рэжым, а таксама абмеркавалі супрацоўніцтва паміж ЕС, Германіяй і беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі. Асобна гаворка ішла пра механізмы прыцягнення Лукашэнкі і яго памагатых да адказнасці. Напрыканцы размовы Ціханоўская прапанавала правесці культурніцкія мерапрыемствы ў Вільні супольна з амбасадай Германіі.
ПРАЦА З ДЫЯСПАРАМІ. Святлана Ціханоўская аб’явіла пра правядзенне трэцяй дыяспаральнай канферэнцыі 23-24 сакавіка 2024 у Празе: «Канферэнцыя дасць беларусам афлайн-пляцоўку, дзе мы разам разглядзім праблемы, што актуальныя тут і зараз, вызначым шляхі іх вырашэння, абмяркуем тое, што хвалюе грамадзянскую супольнасць. Не ў агульных чатах ці праз матэрыялы ў незалежных медыя, а асабіста, ужывую».
24 студзеня беларуская лідарка правяла тэлефонную гутарку-знаёмства з беларускай дыяспарай Кіпра. Ціханоўская падзякавала прадстаўнікам за грамадзянскую актыўнасць, а таксама за адвакатаванне інтарэсаў беларусаў на палітычнай арэне Кіпра. Падчас дыялогу бакі абмеркавалі, у якіх напрамках магчыма пашырыць прасоўванне беларускага парадку дня ў краіне. Раней беларуская дыяспара Кіпра не мела трывалых і ўстойлівых стасункаў з Офісам, але лідарка запэўніла: важна падтрымліваць дыяспары і быць на сувязі з беларусамі нават у самых аддаленых частках свету.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Libereco і Народных амбасадаў правяла анлайн-сустрэчу з першым міністрам Шатландыі Хамзам Юсафам. Падчас размовы ён распавёў пра тое, што ўзяў патранаж над Дзмітрыем Галавачом – палітзняволеным музыкам з гурту Tor Band, якога рэжым асудзіў да 9 гадоў турмы. Кіраўнік Шатландыі стаў 400-м хросным у межах міжнароднай кампаніі падтрымкі беларускіх палітвязняў.
ГАДАВІНА ДЗЯРЖАЎНАГА СТАТУСУ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ. У гадавіну, калі беларуская мова стала дзяржаўнай, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заклікаў беларусаў больш карыстацца родным словам: «Нават цяпер, калі беларуская мова зноў знаходзіцца ў заняпадзе, а дзяржаўная палітыка спрабуе выціскаць яе з публічнага поля – беларуская мова ўсё роўна прарастае. Нам трэба карыстацца беларускай мовай кожны дзень. Вы можаце рабіць гэта са сваімі сябрамі, са сваякамі, пакідаць каментары ў інтэрнэце па-беларуску. Галоўнае – спрабаваць. Справа пашырэння беларускай мовы – абавязак кожнага беларуса».
ДЗЕНЬ НАВУКІ. З нагоды Дня навукі дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова звярнулася да беларускіх калегаў. Яна падкрэсліла важнасць адукацыі як аднаго з галоўных сацыяльных інстытутаў сучаснага свету і патлумачыла, чаму пры цяперашнім палітычным рэжыме ў Беларусі навука не можа паўнавартасна развівацца. Таксама дарадца анансавала стварэнне сумеснай з Вольным беларускім універсітэтам праграмы для рэпрэсаваных беларускіх навукоўцаў па абароне доктарскіх дысертацыяў і габілітацыяў.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю AP (Міжнароднае), CNBC (ЗША), DW (Міжнароднае), Telex (Венгрыя), Позiрк (1, 2) (Беларусь), Радыё Савбода (Беларусь), Новая Беларусь в Литве (Беларусь), Радыё Унэт (Беларусь).