Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Libereco і Народных амбасадаў правяла анлайн-сустрэчу з Хамзам Юсафам. Падчас размовы першы міністр Шатландыі распавёў пра тое, што ўзяў патранаж над Дзмітрыем Галавачом – палітзняволеным музыкам з гурту Tor Band, якога рэжым асудзіў да 9 гадоў турмы. Кіраўнік Шатландыі стаў 400-м хросным у межах міжнароднай кампаніі падтрымкі беларускіх палітвязняў.
Першы міністр выказаў спадзяванне, што праз асвятленне жахаў, з якімі сутыкаюцца палітвязні, у свеце ўзрасце дасведчанасць пра ціск на людзей у Беларусі.
Таксама палітыкі абмеркавалі падтрымку ініцыятываў, якія дапамагаюць сем’ям рэпрэсаваных беларусаў. У прыватнасці, размова ішла пра распрацоўку праграмы рэабілітацыі былых палітвязняў. Акрамя таго, Ціханоўская заклікала першага міністра запрашаць беларусаў на стажыроўкі ў дзяржаўныя ўстановы і Парламент – гэты досвед будзе патрэбны ў дэмакратычнай Беларусі.
Асобную ўвагу Святлана Ціханоўская надала ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры Беларусі. Лідарка падкрэсліла: пазітыўны досвед Шатландыі ў адраджэнні сваёй мовы і культуры можа стаць прыкладам для беларусаў.