Падчас візіту ў Страсбург беларуская лідарка сустрэлася з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч, а таксама з новым прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Тэадорасам Русопуласам.
З генеральнай сакратаркай Святлана Ціханоўская абмеркавала працу Кантактнай групы – план яе дзейнасці распісаны ўжо на два гады. Плануюцца стажыроўкі і абмены для беларускай моладзі, трэнінгі для журналістаў і юрыстаў, а таксама дапамога ў падрыхтоўцы законапраектаў для дэмакратычнай Беларусі.
Прэзідэнту ПАРЕ Ціханоўская прапанавала прызначыць пастаяннага дакладчыка па нашай краіне і стварыць дэлегацыю па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Бакі пагадзіліся і надалей уключаць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у працу ПАРЕ і запрашаць беларускія палітычныя партыі на пасяджэнні камітэтаў.
Акрамя таго, прэзідэнт распавёў, што стане сімвалічным хросным аднаго з палітвязняў, і заклікаў іншых дэпутатаў пераняць яго прыклад. Русопулас запрасіў Ціханоўскую наведаць грэцкі Парламент, дзе можа быць створаная група сяброў Беларусі. Такія групы існуюць ужо ў 24 краінах свету.
Асобна Святлана Ціханоўская сустрэлася з дакладчыкам ПАРЕ Полем Галем. Вынік дыялогу – згода на правядзенне канферэнцыі па пытаннях легалізацыі беларусаў замежжа.