Візіт у Італію, акцыя ў падтрымку палітвязняў, сустрэча з лідаркамі беларускіх арганізацыяў. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 3-9 сакавіка 2025
ВІЗІТ У ІТАЛІЮ
Святлана Ціханоўская наведала чатыры гарады ў межах працоўнага візіту ў Італію. Падчас візіту лідарка дэмакратычных сілаў правяла шэраг сустрэчаў на вышэйшым узроўні: з мэрам Фларэнцыі Сарай Фунаро і з мэрам Балонні Матэа Лепарэ. Абмеркавалі адкрыццё шэлтара для беларускіх палітычных уцекачоў, стажыроўкі і стыпендыі для студэнтаў, праграмы абмену. Акрамя таго Святлана Ціханоўская наведала могілкі польскіх жаўнераў Арміі Андэрса, прыняла ўдзел у івэнце, прысвечаным прэміі Сахарава ў Мілане, і выступіла з лекцыяй ва ўніверсітэце Баконі ў Мілане.
Напрыканцы візіту Ціханоўская наведала Рым, дзе адкрыла канферэнцыю Альянсу парламенцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь».
АКЦЫЯ Ў ПАДТРЫМКУ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
У Вільнюсе прайшла акцыя падтрымкі палітзняволеных, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. Па апошніх дадзеных праваабаронцаў, у рэжыме інкамунікада знаходзіцца мінімум 9 беларусаў: Аляксандр Францкевіч, Уладзімір Кніга, Ігар Лосік, Андрэй Навіцкі, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Мікалай Банькоў і Віктар Бабарыка.
Эксперты ААН запатрабавалі інфармацыю пра лёс Сяргея Ціханоўскага.
СУСТРЭЧА З ЛІДАРКАМІ БЕЛАРУСКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
З нагоды Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын Святлана Ціханоўская сустрэлася з лідаркамі беларускіх арганізацыяў. Удзельніцы абмеркавалі дапамогу і падтрымку беларусаў за мяжой, фінансаванне ініцыятываў, магчымасці стажыровак і ролю жанчын у дэмакратычным руху.
МІЖНАРОДНЫ ЖАНОЧЫ ДЗЕНЬ
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусак з нагоды міжнароднага жаночага дня: «Сёння мы ўслаўляем жаночую стойкасць, рашучасць і самаадданасць, нагадваючы свету пра нашыя выдатныя дасягненні. Дарагія беларускі, вы – мая апора і нагода для гонару. Менавіта вы з’яўляецеся прыкладам моцы дабрыні і нястомным рухавіком».
ДЗЕНЬ ВОЛІ
Офіс Святланы Ціханоўскай звяртаецца да беларускіх арганізацыяў з запытам распавесці пра мерапрыемствы, якія тыя плануюць ладзіць да Дня Волі 25 сакавіка, каб аказаць інфармацыйную падтрымку праз уласныя камунікацыйныя каналы і каналы партнёраў. Каб яе атрымаць, неабходна запоўніць форму для сувязі.
СПЕЦДАКЛАДЧЫКІ ААН ЗВЯРНУЛІСЯ ДА УРАДА БЕЛАРУСІ
Група Спецыяльных дакладчыкаў ААН звярнулася да ўрада Беларусі адносна прынятага ў першым чытанні законапраекта «Аб папраўках у законы аб забеспячэнні правоў дзяцей». Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, патлумачыў сутнасць законапраекта.
КСЕНІЯ ЛУЦКІНА ЭВАКУЯВАНА
Журналістка і былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна паспяхова пакінула Беларусь. Святлана Ціханоўская: «Вельмі радасна даведацца, што нарэшце Ксенія Луцкіна апынулася ў бяспецы. Горка ад таго, што для гэтага ёй давялося пакінуць свой дом».
ДЗЕНЬ ЗАСНАВАННЯ ПАЛКА КАЛІНОЎСКАГА
9 сакавіка – трэцяя гадавіна заснавання Палка Каліноўскага. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне: «У нас не пытаюцца, ці мы хочам жыць у час вялікіх падзеяў. Але калі ўжо давялося, беларусы робяць усё, каб гэтыя падзеі вялі да перамогі. Жыве Беларусь і Слава Украіне!».
ЖАНОЧАЯ ПРЭМІЯ ГАННЫ КЛЯЙН
У Берліне адбылося ўзнагароджанне Жаночай прэміяй імя Ганны Кляйн, якая ўручаецца ў знак прызнання ўнёску жанчын у барацьбу за правы і роўнасць. Сёлета ўпершыню прэмію атрымалі беларускі – Юлія Міцкевіч, Дар’я Афанасьева і Ірына Альхоўка. Святлана Ціханоўская павіншавала лаўрэатак: «Гэта вялікі гонар і радасць – ведаць, што беларускі натхняюць увесь свет».
РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ ПЕДАГАГІЧНЫХ ПЛАТФОРМАЎ
Улады абвясцілі праекты «Democratic Media Institute», «Nastaunik.іnfo» і «Пра Віцебск» экстрэмісцкімі фармаваннямі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Таццяна Шчытцова пракаментавала рашэнне: «Рэжым, які баіцца свабоднай дыскусіі і незалежнага мыслення, дзейнічае супраць інтарэсаў свайго народа».
ВЫНІКІ ЛЮТАГА
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў агляд дзейнасці беларускай дэмакратычнай супольнасці ў лютым, у якім апісаныя галоўныя падзеі, новыя даследаванні і дасягненні актывістаў і арганізацыяў.
МЕДЫЯ
Corriere della Sera (Італія), Sky TV (Італія), Голос Америки (Міжнароднае), Monocle Radio (Вялікабрытанія), БелСАТ (Беларусь).