Другі год запар Офіс Святланы Ціханоўскай ладзіць у Вільні акцыю ў гадавіну поўнай ізаляцыі Сяргея Ціханоўскага. Рэжым інкамунікада – сапраўднае катаванне і пазбаўленне палітвязняў базавых правоў на сувязь з роднымі, адвакатамі і знешнім светам. Гэтаму бесчалавечнаму пакаранню не месца ў сучасным свеце, як і самому палітычнаму пераследу.
Па апошніх дадзеных праваабаронцаў, у рэжыме інкамунікада знаходзіцца мінімум 9 беларусаў: Аляксандр Францкевіч, Уладзімір Кніга, Ігар Лосік, Андрэй Навіцкі, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Мікалай Банькоў і Віктар Бабарыка.
Невядома, ці атрымліваюць яны медычную дапамогу і ў якім стане знаходзяцца, невядома, у якіх умовах існуюць і з якімі выпрабаваннямі сутыкаюцца. Акцыя 9 сакавіка – магчымасць не толькі нагадаць рэжыму пра непазбежнасць правасуддзя, але і паказаць свету, што мы ведаем нашых герояў і працягнем змагацца за іх свабоду.
Падчас акцыі Святлана Ціханоўская выступіць перад беларусамі з прамовай. Пасля акцыі вы зможаце:
📌 паразмаўляць з беларускай лідаркай;
📌 падтрымаць палітзняволеных і падпісаць зварот у амбасаду Беларусі з патрабаваннем спыніць ізаляцыю людзей;
📌 ускласці кветкі і ўшанаваць памяць палітвязняў, якія загінулі за кратамі.
Святлана Ціханоўская:
«Калі чалавека ізалююць ад усяго свету, пазбаўляюць магчымасці сказаць нават «я жывы» – гэта жах і для палітвязняў, і для іх родных. Рэжым спрабуе зрабіць выгляд, што гэтых людзей не існуе – ніякіх лістоў, ніякіх навінаў, поўная ізаляцыя, быццам яны сам-насам з гэтай несправядлівасцю. Мы не ведаем, у якіх умовах яны знаходзяцца, але я веру, што яны трымаюцца. І нашая задача – памятаць пра іх і рабіць усё, каб яны як мага хутчэй вярнуліся да сем’яў».
📅 Калі: нядзеля, 9 сакавіка
⏰ Пачатак: а 12:00
📍 Дзе: амбасада Беларусі ў Літве, Mindaugo g.13