Улады абвясцілі праекты «Democratic Media Institute», «Nastaunik.іnfo» і «Пра Віцебск» экстрэмісцкімі фармаваннямі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Таццяна Шчытцова рэзка раскрытыкавала гэтае рашэнне:
«Nastaunik.іnfo» працуе больш за дзесяць гадоў. Гэта – ключавая платформа для педагогаў, дзе яны абменьваюцца вопытам і сучаснымі метадамі выкладання. Сайт заўсёды заставаўся прафесійным рэсурсам і ніколі не займаўся палітыкай. Рэжым прызнаў яго «экстрэмісцкім» толькі таму, што гэта незалежная пляцоўка для свабоднай камунікацыі настаўнікаў і экспертаў.
Свабода слова і інфармацыі – фундаментальныя правы чалавека. «Nastaunik.іnfo» забяспечвае настаўнікаў доступам да адукацыйных матэрыялаў і метадычных рэкамендацыяў, а таксама служыць пляцоўкай для абмену ведамі. Яго забарона пазбаўляе беларускіх педагогаў важнага інструмента для прафесійнага развіцця і супрацоўніцтва.
Гэтае рашэнне – не толькі парушэнне правоў чалавека, але і наступ на акадэмічную свабоду і незалежныя прафесійныя супольнасці. Адукацыя павінна спрыяць крытычнаму мысленню, адкрытаму дыялогу і абмену ідэямі. Рэжым, які баіцца свабоднай дыскусіі і незалежнага мыслення, дзейнічае супраць інтарэсаў свайго народа».