З нагоды Міжнароднага дня барацьбы за правы жанчын Святлана Ціханоўская сустрэлася з лідаркамі беларускіх арганізацыяў. Удзельніцы абмяркоўвалі актуальныя для грамадзянскай супольнасці пытанні, сучасныя выклікі, а таксама ролю жанчын у грамадстве і палітычным жыцці Беларусі.
Вось пра што ішла гаворка:
- Дапамога і падтрымка беларусаў за мяжой. Каардынацыя паміж арганізацыямі па пытаннях легалізацыі, фінансавай дапамогі, працы і жытла для беларусаў.
- Фінансаванне ініцыятываў. Беларуская лідарка запэўніла: дэмакратычныя сілы робяць усё, каб пераканаць партнёраў працягваць падтрымліваць дзейнасць грамадскага сектара.
- Магчымасць стажыровак у арганізацыях для беларускай моладзі.
- Узаемаадносіны з Літвой і іншымі краінамі. Што ўжо зроблена і што яшчэ неабходна зрабіць для падтрымання добрых сувязяў, нягледзячы на інфармацыйную вайну з боку рэжыму.
- Роля жанчын у дэмакратычным руху. Важнасць жаночага лідарства і яго ўплыў на дэмакратычныя змены.
Святлана Ціханоўская:
«Я заўсёды кажу, што жаночае лідарства адыгрывае велізарную ролю ў кантэксце нашай рэчаіснасці. Чым актыўней жанчыны дзейнічаюць, тым мацней становіцца нашая супольнасць. Шчырасць і эмпатыя сёння як ніколі важныя і для грамадства, і для палітыкі. І гледзячы на вас, я ўсведамляю, колькі ў нас адважных, таленавітых, яскравых жанчын! Шчыра захапляюся вамі і вашай дзейнасцю!»