Святлана Ціханоўская наведала Фларэнцыю падчас афіцыйнага візіту ў Італію. Лідарка сустрэлася з Сарай Фунаро, мэрам горада, ад якой атрымала ўзнагароду – «Пячатку Міру». Узнагарода, заснаваная ў XV стагоддзі ў Фларэнцыі, адзначае асобаў, якія ўносяць уклад у мір і правы чалавека. Раней яе атрымлівалі, напрыклад, Далай-лама і Дайсаку Ікэда.
Святлана Ціханоўская наведала базіліку Санта-Крочэ, у якой пахаваны Міхал Клеафас Агінскі – кампазітар і аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Яго жыццё і творчасць – важная частка беларускай культурнай спадчыны. У гонар Агінскага тут усталяваны помнік, што падкрэслівае яго значнасць не толькі для Беларусі, але і для ўсёй еўрапейскай гісторыі.
Пра што ішла гаворка з мэрам Фларэнцыі?
➖ Адкрыццё шэлтара для беларускіх палітычных уцекачоў і іх сем’яў;
➖ Стажыроўкі і стыпендыі для студэнтаў;
➖ Праграмы абмену для беларускіх дзеячаў культуры;
➖ Правядзенне сумесных беларуска-італьянскіх культурных мерапрыемстваў.
➖ Працяг супрацоўніцтва Фларэнцыі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Святлана Ціханоўская:
«У нас адбылася вельмі цёплая і плённая гутарка з мэрам Фунаро. Здаецца, мы вельмі добра разумеем адна адну. Самае галоўнае – у нас адныя і тыя ж дэмакратычныя каштоўнасці, адныя і тыя ж мэты.
Мы абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва паміж Фларэнцыяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі, беларускай грамадзянскай супольнасцю за мяжой. У нас ужо ёсць Народная амбасада, якая вельмі актыўна працуе ў Італіі, і «Талака» – асацыяцыя беларусаў у Італіі. І я вельмі ўдзячная мясцовым уладам за іх падтрымку».