• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Працоўныя візіты ў ЗША, атрыманне прэміі NED Democracy Medal і першае пасяджэнне новага склікання Каардынацыйнай Рады. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўская 10–16 чэрвеня

    17 чэрвеня, 2024

    ВІЗІТ У ЗША

    11-14 чэрвеня ў Святланы Ціханоўскай адбыўся працоўны візіт у Вашынгтон, падчас якога яна сустрэлася з амбасадарамі і дыпламатамі краін Вялікай сямёркі дзе падкрэсліла важнасць міжнароднай падтрымкі і санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі. Таксама адбылася сустрэча з экс-спікеркай Палаты прадстаўнікоў ЗША і сенатарамі, з намеснікам Дзяржаўнага сакратара па палітычных пытаннях, дарадцам па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта і віцэ-прэзідэнткі ЗША. Ціханоўская ўздымала пытанне дапамогі і вызвалення палітвязняў, санкцыяў, заклікала павялічыць дапамогу незалежным медыя, прыняць акт аб дэмакратыі ў кангрэсе. Цягам візіту ЗША прынялі санкцыі супраць прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. Таксама Беларусь абмяркоўвалася падчас саміту G7 і была згаданая ў выніковым камюніке.

    Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях Хельсінкскай камісіі ў Кангрэсе ЗША, дзе заклікала ЗША зрабіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў, згадала справы Андрэя Гнёта, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых. 14 чэрвеня яна атрымала медаль NED Democracy Medal «За служэнне дэмакратыі» за выбітны ўнёсак у справу свабоды і дэмакратыі.

    Падчас візіту ў ЗША нацыянальная лідарка таксама сустрэлася ў Вашынгтоне з беларускай дыяспарай, і падзякавала ім за актыўную працу і ўдзел у выбарах у Каардынацыйную Раду. 

    ЭКСТРАДЫЦЫЯ АНДРЭЯ ГНЁТА

    Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае змагацца супраць экстрадыцыі Андрэя Гнёта, які быў раней затрыманы ў Сербіі. Вышэйшы суд Бялграда дазволіў экстрадыцыю рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь, дзе яму пагражае сур’ёзны турэмны тэрмін за грамадзянскую актыўнасць. Адвакаты Гнёта ўжо накіравалі апеляцыю і дапамогуць Гнёту звярнуцца ў Еўрапейскі Суд па Правах Чалавека. Офіс накіраваў лісты ў Еўракамісію і дыпламатам краінаў-сябраў ЕС. Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць спыніць экстрадыцыю Гнёта і даць яму прытулак у краіне Шэнгенскай зоны.

    ПЕРШАЕ ПАСЯДЖЭННЕ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ

    Святлана Ціханоўская адкрыла першае агульнае пасяджэнне Каардынацыйнай Рады другога і трэцяга скліканняў. У Каардынацыйную Раду былі абраныя 80 дэлегатаў ад 8 выбарчых спісаў. Яна падкрэсліла важнасць дэмакратычнай працы, міжнароднага супрацоўніцтва і падтрымкі палітвязняў. Ціханоўская таксама заклікала да кансалідацыі дэмакратычных сілаў і актыўнага ўдзелу ў будучых ініцыятывах, накіраваных на свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

    СТАЖЫРОЎКІ ДЛЯ МОЛАДЗІ

    13 чэрвеня 30 моладзевых лідараў і актывістаў сустрэліся з маршалкай Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай. Маладыя беларусы падзякавалі маршалцы Сената за падтрымку вольнай еўрапейскай Беларусі, а таксама за магчымасць навучання і самарэалізацыі ў Польшчы. Абмеркавалі праблемы беларусаў у Польшчы і дамовіліся арганізаваць стажыроўкі для беларускай моладзі ў польскім парламенце.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ «НОВАЯ БЕЛАРУСЬ»

    3-4 жніўня ў Вільні пройдзе трэцяя канферэнцыя «Новая Беларусь», галоўнай мэтай якой з’яўляецца сабраць беларускія дэмакратычныя сілы, актывістаў, грамадскія і культурніцкія ініцыятывы, дыяспару на адной пляцоўцы для абмеркавання стратэгічных прыярытэтаў на 2025 год. Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць салідарнасці і неабходнасць сумеснай працы для вырашэння выклікаў, якія стаяць перад беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Офіс Святланы Ціханоўскай адкрыў рэгістрацыю на ўдзел у канферэнцыі ТУТ.

    САМЫЯ ВАЖНЫЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ СУСТРЭЧЫ ВЯСНЫ

    Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі падвёў вынікі вясновых сустрэчаў і мерапрыемстваў, якія сталі беспрэцэдэнтнымі для беларускай сучаснай палітыкі.

    ДАПАМОГА ЖУРНАЛІСТАМ

    10 чэрвеня ў Вільні ў Амбасадзе Эстоніі пры падтрымцы амбасады Канады адбылася прэзентацыя праграмы падтрымкі беларускіх журналістаў, аб’яўленай падчас візіту Ціханоўскай у Канаду. Праграма скіраваная на падтрымку рэдакцыяў і стварэння кантэнту.

    ПАДТРЫМКА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ

    13 чэрвеня дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка выступіў на Еўрапейскім саміце ў Празе на тэму «Дэрусіфікацыя Беларусі», дзе распавёў пра спробы Расіі знішчыць беларускую ідэнтычнасць і як дэмакратычныя сілы працуюць на яе ўмацаванне. Ён заклікаў павялічыць праграмы падтрымкі незалежнай беларускай культуры і медыя.

    МЕДЫЯ

    Падчас візіту ў ЗША Святлана дала інтэрв’ю «Голасу Амерыкі» (Міжнароднае), дзе распавяла, як ставіцца да ядзернага шантажу з боку дыктатараў, а таксама пракаментавала Грузінскай службе «Голасу Амерыкі» (Міжнароднае) прыняцце грузінскім парламентам «Закона аб інаагентах».  Яшчэ дала інтэрв’ю One Decision, ВВС (Міжнароднае), Express (Вялікабрытанія) і Magazín Reportér (Чэхія).

    Апошнія навіны