• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Давайце факусавацца на тым, што нас аб’ядноўвае»: Святлана Ціханоўская – на першым агульным пасяджэнні Каардынацыйнай Рады

    12 чэрвеня, 2024

    Сёння прайшло першае агульнае пасяджэнне Каардынацыйнай Рады другога і трэцяга скліканняў. Беларуская лідарка адкрыла яго прамовай, дзе азначыла ключавыя чаканні ад працы і напрамкі дзейнасці палітыкаў: 

    «Дарагія сябры,

    Віншую вас з абраннем у новы склад Каардынацыйнай Рады. Яшчэ раз хачу выказаць шчырую ўдзячнасць кожнаму, хто рашыўся ўзяць удзел у выбарах – і тым, хто вылучаўся, і тым хто галасаваў. 

    Асабліва дзякую тым, хто, нават не трапіўшы ў склад Каардынацыйнай рады, выказаў жаданне працягваць працу. Падчас званкоў на мінулым тыдні ніхто не сказаў: «Дзякуй, цяпер я пайду». Наадварот – я пачула: «А як яшчэ я магу дапамагчы?» 

    Дзякуй выбарчай камісіі і яе старшыні Алёне Прыходзька. Я ведаю, што даводзілася прымаць складаныя ці непапулярныя рашэнні, але гэта была першая спроба дэмакратычных сілаў арганізаваць выбарчы працэс, і ў цэлым, здаецца, ён атрымаўся.

    Дзякуй Паўлу Ліберу – які ў самыя кароткія тэрміны распрацаваў платформу для галасавання, і, нягледзячы на ўсе перашкоды рэжыму, яна спрацавала, а людзі маглі бяспечна прагаласаваць. Павел стварыў абсалютна інавацыйны прадукт, які нам яшчэ спатрэбіцца ў будучыні. 

    Дзякуй усім камандам за вашыя выбарчыя кампаніі. Я шкадую, што на саму кампанію было адведзена так мала часу, бо спаборніцтва ідэй, якое мы назіралі цягам месяца, паказала, наколькі жывы і разнастайны наш дэмакратычны рух. 

    Дзякуй Паўлу Латушку і руху «За Свабоду» за яркую кампанію. Я не перастаю захапляцца, як вы працуеце з аўдыторыяй і медыя. Дзякуй Розе, якую я адкрыла для сябе зусім у новым вобразе – рашучага і эмацыйнага палітыка. Дзякуй Лізе Пракопчык, Марго, Алане, Ганне і ўсяму Моладзеваму наступу, што вяртаеце маладым беларусам цікавасць да палітыкі, і абараняеце іх інтарэсы. 

    Дзякуй Валеру Мацкевічу, Аліне Коўшык і Еўрапейскаму выбару, што скарысталіся кампаніяй, каб прасоўваць ідэю еўраінтэграцыі сярод беларусаў. 

    Я рада пабачыць у Каардынацыйнай радзе і новыя твары – Аляксадра Клачко і Сяргея Пятрухіна, Максіма Шабуцкага і Сяргея Бяспалава, Таццяну Мартынаву і Алеся Міхалевіча. Я рада, што ў Вадзіма Пракоп’ева ўрэшце з’явіцца магчымасць у Каардынацыйнай радзе рэалізаваць свае ідэі, а рознагалоссі, я спадзяюся, адыдуць на другі план.

    Я рада, што ў Новую Каардынацыйную раду трапілі беларусы з розных краін, розных узростаў і прафесій: ад добраахвотнікаў і бізнесменаў да прафесараў і блогераў, ад маладых актывістаў да вопытных палітыкаў. Новы склад Каардынацыйнай рады больш інклюзіўны, і я спадзяюся, будзе эфектыўным у працы.

    Многіх турбуе нізкая яўка ў выбарах. Але як сказаў адзін з новаабраных дэлегатаў: «Калі наша дзейнасць будзе карысная для мільёна беларусаў, мы станем важнай структурай для гэтых людзей». Усё залежыць ад вашай працы. 

    Я хацела б, каб Каардынацыйная рада стала платформай не толькі для каардынацыі, але і для кансалідацыі дэмакратычных сілаў. Для гэтага неабходна, каб рашэнні прымаліся адкрыта і празрыста. Не сумняюся, што будуць спрэчкі і гарачыя – куды без іх. Недзе давядзецца шукаць кампрамісы, недзе – саступаць – але гэтак працуе дэмакратыя. Галоўнае, каб напрыканцы мы не забывалі, што ў нас адна мэта – свабодная і дэмакратычная Беларусь.

    Таму давайце факусавацца на тым, што нас аб’ядноўвае, а не дзеліць. Тут сабраліся не апаненты. Тут сабраліся аднадумцы. У нас могуць быць розныя погляды на тактычныя пытанні, як санкцыі, ці шляхі дасягнення мэт, як вызваленне палітвязняў. Вельмі прашу вас захоўваць павагу адно да аднаго, і давер. Без даверу немагчыма будаваць супрацу.

    Мы павінны дзейнічаць разам. Каардынацыйная рада – неад’емная частка дэмакратычных сілаў, пляцоўка, дзе сустракаюцца палітыкі і грамадзянская супольнасць, выпрацоўваюць супольныя пазіцыі і рэкамендацыі.

    Я чакаю, што Каардынацыйная рада будзе праводзіць слуханні па найбольш важных пытаннях, і ўцягваць у сваю працу іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці. Вы можаце накіроўваць свае рэкамендацыі ў Аб’яднаны пераходны кабінет, і быць голасам тых беларусаў, якія за вас галасавалі. 

    У сакавіку на сумесным пасяджэнні Каардынацыйнай Рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета і Офіса было дамоўлена распрацаваць Пратакол узаемадзеяння паміж нашымі структурамі. Сумесная рабочая група ўжо падрыхтавала праект дакумента. Таму ў найбліжэйшы час ён будзе прадстаўлены на разгляд вам, Кабінету, Офісу. Спадзяюся, што гэты дакумент стане свайго роду «малой канстытуцыяй» нашага дэмакратычнага руху.

    Таксама буду рада пачуць вашыя прапановы і рэкамендацыі па прадстаўніках у Кабінеце. Вы можаце дасылаць прапановы як ад фракцыяў, так і ў індывідуальным парадку.

    Я запрашаю ўсіх дэлегатаў Каардынацыйнай рады ўзяць удзел у Канферэнцыі  «Новая Беларусь», якая пройдзе 3-4 жніўня ў Вільні. Я запрашаю вас і вашыя фракцыі прэзентаваць планы і прыярытэты сваіх камандаў. Гэта добрая магчымасць знайсці аднадумцаў і партнёраў для іх рэалізацыі. 

    Я ведаю, што ў бліжэйшыя дні вы будзеце абмяркоўваць прыярытэты працы Каардынацыйнай рады, выбіраць спікера, фармаваць камісіі. Магчыма, з’явіцца кааліцыя большасці, і будзе апазіцыя. Але я вельмі прашу зрабіць так, каб голас кожнага і кожнай, незалежна ад памеру фракцыі і поглядаў, быў пачуты.

    Дарагія сябры,

    Сёння мяне папрасілі абазначыць напрамкі, у якіх я разлічваю на дапамогу і ўдзел Каардынацыйнай рады.

    Першае і найбольш балючае – палітвязні. Я прапаную Каардынацыйнай радзе сфармаваць камісію па гэтай тэме, у якую маглі б увайсці прадстаўнікі розных групаў і ініцыятываў, не толькі са складу Каардынацыйнай рады. На базе Каардынацыйнай рады можна было б арганізоўваць і мабілізаваць дапамогу для рэпрэсаваных, абмяркоўваць спосабы іх вызвалення. 

    Другое – праца ўнутры краіны. Калі доўга за мяжой – узнікае спакуса займацца толькі дыяспарай ці толькі міжнароднай працай. Але давайце не забываць, што мільёны беларусаў унутры краіны чакаюць нашай дапамогі. Мы павінны падтрымліваць сувязі з арганізацыямі і ініцыятывамі на зямлі, уключаць іх у свае праекты. На жаль, прасторы для працы ўнутры краіны цяпер вельмі мала, а рызыкі вялікія – але ёсць інфармацыйныя інструменты, якімі мы не карыстаемся напоўніцу. 

    Падчас кампаніі часта гучала: «Нельга дапусціць жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам». Я думаю, гэта можа быць агульным прыярытэтам для дэмакратычных сілаў. Мы можам і павінны адстойваць візы для беларусаў, стыпендыі, будаваць кантакты паміж тымі, хто выехаў і застаўся.

    Трэцяе – міжнародная праца. Міжнародная камісія Каардынацыйнай рады магла б працаваць з Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам у распрацоўцы стратэгіі міжнароднай палітыкі і міжпарламенцкай супрацы. Я спадзяюся, прадстаўнікі новай Каардынацыйнай рады далучацца да працы ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Кансультатыўнай групы з Еўрасаюзам і Стратэгічным дыялогу з ЗША

    Неабходна працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, прыцягваць вінаватых да адказнасці, умацоўваць суб’ектнасць дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне.

    Чацвёртае – кансалідацыя беларусаў замежжа, праца з дыяспарай. Умацоўваць сувязі паміж беларусамі ў розных краінах. Пад эгідай Каардынацыйнай рады могуць адбывацца міжнародныя кампаніі і акцыі салідарнасці. Неабходна ангажаваць беларускую дыяспару ў працу дэмакратычных сілаў. «Народныя амбасады», «Разам», «Талака», «ABBA», «Суполка» – дзясяткі паспяховых ініцыятываў беларусаў замежжа могуць стаць часткай такога руху.

    Пятае. Падтрымка Украіны і добраахвотнікаў. Нам неабходна арганізаваць сістэмную працу з Украінай, вырашаць праблемы беларускай дыяспары, дапамагаць Палку Каліноўскага і іншым ваярам, а таксама ветэранам. Гэта вялікая аб’ёмная задача, і адных намаганняў Офіса ці Кабінета на гэта не хопіць. 

    Шостае. Каардынацыйная рада можа працаваць над візіяй новай Беларусі, распрацоўваць праекты рэформаў. Каб беларусы маглі адчуць і зразумець, якую Беларусь прапануюць дэмакратычныя сілы, і чым яна будзе адрознівацца ад Лукашэнкі.

    Я спадзяюся, што ў Каардынацыйнай радзе будуць камісіі па моладзі і адукацыі, па сацыяльных пытаннях і па культуры. Умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці – наш супольны прыярытэт. Праз тыдзень мы адзначаем 100-годдзе Васіля Быкава і я запрашаю ўсіх сяброў Каардынацыйнай рады далучыцца да адзначэння. 

    Наперадзе 2025-ы год, калі рэжым у чарговы раз паспрабуе «перагарнуць старонку», правесці фальшывыя выбары. У бліжэйшыя тыдні я запрашаю далучыцца да выпрацоўкі супольнай стратэгіі дзеянняў дэмакратычных сілаў 2025, якую мы зможам абмеркаваць на канферэнцыі ў жніўні. 

    Напрыканцы дазвольце вам падзякаваць за вашую падтрымку на працягу апошніх гадоў і гатоўнасць працаваць разам далей. Я вельмі гэта цаню і ведайце, вы таксама можаце на мяне разлічваць. 

    Разам мы абавязкова пераможам.

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны