Беларуская лідарка знаходзіцца ў ЗША з працоўным візітам. Адну з галоўных сустрэчаў у амерыканскай сталiцы Святлана Ціханоўская правяла з дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам у Белым доме.
Падчас размовы бакі абмеркавалі неабходнасць усебаковай падтрымкі Беларусі і Украіны. Ціханоўская распавяла пра нашых добраахвотнікаў і валанцёраў ва Украіне – і падкрэсліла важнасць перамогі Украіны для пераменаў у Беларусі. Асобна лідарка ўзняла пытанне ваенна-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне, падсвяціўшы мізэрную падтрымку грамадствам уступу ў вайну і ўніфікацыі з Расіяй.
Важнай тэмай размоваў стала ўмацаванне ціску на рэжым Лукашэнкі. Ціханоўская адзначыла: абмежаванні не павінны мець шчылінаў, і мусяць быць скіраваныя на вызваленне палітвязняў, супраць рэжыму і яго дапамогі Расіі ў вайне.
Асобна Ціханоўская падкрэсліла важнасць выдачы візаў і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці за мяжой: неабходна ізаляваць рэжым, а не людзей, бо беларусам і беларускам трэба заставацца мабільнымі.