1-4 кастрычніка Святлана Ціханоўская наведала з афіцыйным візітам Польшчу. Сустрэчы ў Варшаве прайшлі на самым высокім узроўні і былі накіраваныя на далейшую міжнародную падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі і ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі.
У ходзе візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, маршалкай Сената Малгажатай Кідава-Блоньскай, мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, міністрам унутраных справаў Томашам Семонякам, міністрам юстыцыі Адамам Боднарам і міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім. Таксама адбыліся працоўныя сустрэчы з міжнароднымі дыпламатамі і прадстаўнікамі ўрадаў: Монікай Якабсен, намесніцай памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, Селестай Уоландэр, памочніцай міністра абароны ЗША па міжнароднай бяспецы, Бенджамінам Хададам, міністрам Францыі па справах Еўропы, міністаркай замежных справаў Ісландыі Тордыс Гільфадоцір, а таксама з прадстаўнікамі грузінскага парламента і амбасады Бельгіі ў Польшчы.
Падчас сустрэчаў абмяркоўваліся важныя тэмы, якія закранаюць будучыню Беларусі і падтрымку дэмакратычнай супольнасці. Ціханоўская закранула пытанне падтрымкі пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і прыцягнення рэжыму да адказнасці. Асобная ўвага была нададзеная пытанню падтрымкі рэпрэсаваных і іх сем’яў праз Міжнародны гуманітарны фонд, а таксама дапамогі праваабаронцам і грамадскім актывістам, якія працягваюць сваю дзейнасць у цяжкіх умовах. Абмяркоўваліся магчымасці пашырэння шэнгенскіх візавых праграмаў і адукацыйных стыпендыяў для беларускіх студэнтаў і моладзі, каб захоўваць іх сувязі з Еўропай і падтрымаць іх імкненне да свабоды і адукацыі.
Святлана Ціханоўская закранула важную тэму ролі Беларусі ў мірных перамовах па Украіне, падкрэсліўшы, што дэмакратычная і незалежная Беларусь з’яўляецца ключавым элементам рэгіянальнай стабільнасці і міру. Лідарка падкрэсліла, што Беларусь і Украіна падзяляюць агульную будучыню, а таксама, што перамога дэмакратыі ў Беларусі будзе важным крокам для бяспекі ўсяго рэгіёну.
Падчас візіту Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у некалькіх міжнародных і культурніцкіх мерапрыемствах. Яна выступіла на панэльнай дыскусіі па Беларусі на Варшаўскім форуме па бяспецы, а таксама ўдзельнічала ў дыскусіі «Узмацненне голасу жанчын у сферы бяспекі і абароны». Святлана выступіла на Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, дзе закранула тэму вызвалення беларускіх палітвязняў. Акрамя таго, яна выступіла на Школе лідараў, дзе прачытала прамову пра неабходнасць настойлівасці і смеласці ў змаганні за свабоду. Таксама Ціханоўская прыняла ўдзел у цырымоніі ўручэння Прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», якую сёлета атрымала беларуская група Naviband.
Ціханоўская прыняла ўдзел у пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і разам з Паўлам Латушкам дала прэс-канферэнцыю па факце перадачы Літвой у МКС сведчанняў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, яна дала шэраг інтэрв’ю беларускім, польскім і міжнародным медыя, падзяліўшыся сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі і шляхоў дасягнення перамогі дэмакратыі.