Пасля прэс-канферэнцыі ў Гаазе, прысвечанай перадачы ўрадам Літвы дакументаў у Міжнародны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці, Святлана Ціханоўская выправілася з працоўным візітам у Польшчу. Важным пунктам у яе праграме стала варшаўская сустрэча «Робім больш гучнымі жаночыя галасы ў пытаннях бяспекі і абароны», якую зладзіла арганізацыя Women in International Security у рамках Warsaw Security Forum. Гэты форум з’яўляецца важнай пляцоўкай для жанчын-лідарак і экспертак у сферы міжнароднай бяспекі, якія абмяркоўваюць ключавыя праблемы бяспекі і міру. Штогод збіраюцца лідаркі з больш чым 90 краінаў свету і розных сфераў: прадстаўніцы ўладаў, міжнародных арганізацыяў, грамадзянскай супольнасці, прамысловых прадпрыемстваў.
Падчас выступу нацыянальная лідарка падкрэсліла: беларускія жанчыны наглядна паказалі свету сваю непахісную сілу, мужнасць і гатоўнасць адстойваць правы і свабоды нават у самых складаных умовах. Менавіта жанчыны выступілі ў Беларусі лідаркамі пратэстнага руху і супрацьстаялі ўзброеным сілавікам, не маючы нічога, акрамя смеласці і жадання справядлівасці. Такія жанчыны, як Марыя Калеснікава, Кацярына Андрэева і Паліна Шарэнда-Панасюк працягваюць змагацца нават з-за кратаў.
Святлана Ціханоўская: «Адна з рэчаў, якую я даведалася пра жанчын, заключаецца ў тым, што мы цудоўна спраўляемся з некалькімі справамі адначасова. Мы змагаемся за свабоду, выхоўваем дзяцей, падтрымліваем свае сем’і і аб’ядноўваем супольнасці. Мы можам сумяшчаць пратэст у адной руцэ – і трымаць дзіця другой! Гэта тое, што робіць нас унікальнымі. Але справа не толькі ў шматзадачнасці. Жанчыны прыўносяць тое, чаго часта не хапае ў палітыцы: эмпатыю. Мы ўмеем слухаць, разумець чужы боль і аб’ядноўваць людзей. Я ганаруся кожнай з вас».