Падчас візіту ў Варшаву беларуская лідарка ўручыла прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, якую заснаваў Аляксандр Мілінкевіч у 2008 годзе. Яе лаўрэатамі становяцца людзі, якія творчай дзейнасцю падтрымліваюць свабоду слова і думкі. У свой час прэмію атрымлівалі Лявон Вольскі, Алесь Пушкін, Уладзімір Някляеў, Рыгор Барадулін, Зміцер Дашкевіч і Павел Севярынец. Сёлета прэмію атрымаў гурт NAVIBAND.
У віншавальным слове пераможцам Святлана Ціханоўская падкрэсліла: галоўны скарб Беларусі – людзі:
«У кожнага свой шлях да Беларушчыны – гэта нармальна. Але важна, што мэта – яна ў нас адна на ўсіх. Цяпер, калі ў Беларусі нацыянальная культура пераследуецца і вынішчаецца, каб дагадзіць «рускаму свету» – нам як ніколі важна берагчы і бараніць сваё, свае культуру і традыцыі.
Прэмія Васіля Быкава «За свабоду думкі» – адна з такіх традыцыяў. Людзі – нашая надзея і наш галоўны нацыянальны скарб. У самых неспрыяльных гістарычных абставінах нашыя продкі не крычалі, што ўсё прапала, а працягвалі рабіць сваё. Гэтаксама і цяпер, я ўпэўненая, мы вернем сабе і адродзім нашую краіну.
Для мяне гонар мець магчымасць уручыць гэтую чароўную статуэтку Арцёму і Ксеніі – музыкам, якія дапамаглі і мне прыйсці да Беларушчыны. Вы – сапраўдны прыклад кахання, творчага супрацоўніцтва і любові да Бацькаўшчыны. Вы – крыніца натхнення для многіх беларусаў, у краіне і за мяжой. Дзякую вам за гэта!»