Міністр юстыцыі Польшчы Адам Боднар прыняў кіраўніцу Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлану Ціханоўскую разам з яе намеснікам Паўлам Латушкам. Беларуская лідарка падзякавала міністру за цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а таксама за падтрымку ініцыятываў па прыцягненні рэжыму да адказнасці. Павел Латушка расказаў пра падачу Літвой справы ў Міжнародны крымінальны суд і наступныя крокі ў межах гэтай ініцыятывы. Бакі абмеркавалі важнасць адкрыцця і падтрымкі судовых справаў па злачынствах рэжыму Лукашэнкі ў межах універсальнай юрысдыкцыі.
Падчас сустрэчы асобная ўвага была нададзеная пытанню беларускіх палітычных зняволеных. Святлана Ціханоўская заклікала працягваць намаганні па вызваленні палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута – сімвала беларуска-польскай салідарнасці. Таксама Ціханоўская заклікала міністра падтрымаць стварэнне міжведамаснай рабочай групы ў Польшчы па беларускіх пытаннях.